Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

Оперныя артысты з 34 краін выступяць на сцэне Вялікага тэатра Беларусі

Культура 30.11.2018 | 19:17

30 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўнікі 34 краін прымуць удзел у IХ Мінскім міжнародным Калядным оперным форуме і V Мінскім міжнародным Калядным конкурсе вакалістаў, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Уладзімір Грыдзюшка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Дзевяць гадоў таму ў нашым оперным форуме ўдзельнічала ўсяго толькі дзевяць краін. Сёння пра свой удзел заявілі 34 краіны, артысты з 21 краіны выступяць на оперным форуме і 332 выканаўцы з 26 краін прыслалі заяўкі на конкурс вакалістаў. Напярэдадні фестывалю ля ўвахода ў Вялікі тэатр будуць устаноўлены 34 сцягі, і гэта сведчыць аб вялікім аўтарытэце, які набылі нашы мерапрыемствы, і ўвазе, якую праяўляе да іх сусветная оперная грамадскасць", - адзначыў дырэктар тэатра.

"Любы фестываль - гэта свята, якое рыхтуюць вельмі шмат людзей. Акрамя прыезджых артыстаў, у ім будуць актыўна ўдзельнічаць і беларускія - салісты оперы, хор і сімфанічны аркестр. Вельмі важна, каб быў святочны эмацыянальна-адкрыты настрой, які, спадзяюся, будзе суправаджаць усе нашы мерапрыемствы", - падкрэсліў галоўны дырыжор Вялікага тэатра заслужаны артыст Украіны Віктар Пласкіна.

Паводле яго слоў, адкрые оперны форум адзін з самых папулярных музычных спектакляў у жанры опера-буфа "Дон Паскуале" Даніцэці. "Я ўпэўнены, што атрымаецца яркі вясёлы спектакль, які надасць імпульс фестывалю, таму што заўсёды важны звонкі пачатак", - адзначыў Віктар Пласкіна.

Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі на працягу дзевяці гадоў збірае на сваёй сцэне прызнаных зорак опернай сцэны і запрашае гледачоў убачыць новыя пастаноўкі, лепшыя спектаклі бягучага і мінулых сезонаў і фестывальныя прэм'еры. У гэтым годзе Мінскі міжнародны Калядны оперны форум пройдзе з 13 па 21 снежня. За гэты час у тэатры пакажуць чатыры оперныя пастаноўкі і два вялікія канцэрты.

15 снежня паклоннікі опернага мастацтва пачуюць чароўнае сапрана адной з самых запатрабаваных оперных спявачак сучаснасці - Вольгі Перацяцька, якая ўпершыню выступіць з сольнай праграмай у суправаджэнні сімфанічнага аркестра беларускага Вялікага тэатра.

16 снежня прагучыць опера "Тоска" Джакама Пучыні, дырыжорам якой выступіць маэстра Джанлука Марчана. Ролю самай прыгожай жанчыны Рыма Флорыі Тоска выканае сербская дзіва Драгана Радаковіч. Партыю каханага Флорыі мастака Марыа Каварадосі выканае заслужаны артыст Расіі, народны артыст Татарстана лаўрэат нацыянальнай тэатральнай прэміі "Залатая маска" Ахмед Агадзі.

17 снежня госці фестывалю ўбачаць "Багему" Джакама Пучыні, прэм'ера якой у Вялікім тэатры Беларусі адбылася ў красавіку гэтага года, пастаноўшчык - народны артыст Расіі Аляксандр Цітэль. 20 снежня на сцэне Вялікага тэатра паўстане "Саламея" Рыхарда Штрауса. Рэжысёр-пастаноўшчык Міхаіл Панджавідзэ заклікае гледачоў задумацца аб праўдзівасці кахання, аб стане сучаснай заходняй цывілізацыі і грамадстве, якім авалодваюць заганы. У партыі Ірада - Дзмітрый П'янаў з Расіі. За дырыжорскім пультам абодвух спектакляў будзе заслужаны артыст Украіны Віктар Пласкіна.

На гала-канцэрт зорак сусветнай оперы, якім завершыцца Калядны оперны форум - 2018, прыедуць вядомыя выканаўцы з 15 краін. На гэтым грандыёзным канцэрце выступяць таксама пераможцы V Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў, які адбудзецца 14-19 снежня. Паклоннікі оперы і класічнай музыкі пачуюць сапраўдныя хіты ў выкананні зорак сусветнага опернага небасхілу і лаўрэатаў Мінскага конкурсу вакалістаў. У гэты вечар дырыжыраваць аркестрам будзе народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Культура
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

ID-картка беларуса ID-картка - дакумент, які засведчвае асобу, для карыстання ўнутры краіны. Лічбавы аналаг пашпарта плануецца пачаць выдаваць у 2019 годзе.