Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 мая 2021, 10:12

Новы погляд на беларускія палі, рэкі, лясы: фотавыстава "Імгненні жыцця" пройдзе ў Мінску

3 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фотавыстава Людмілы Сідзенка "Імгненні жыцця" адкрыецца 4 мая ў мастацкай галерэі "Універсітэт культуры", паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.

Людміла Сідзенка з'яўляецца членам творчага аб'яднання "Фотамастацтва". Больш за ўсё яна любіць здымаць прыроду. Пры гэтым адчувае асаблівае задавальненне, калі ўдаецца ўбачыць і перадаць яе рэдкія, інтымныя станы, якія адкрываюцца далёка не кожнаму. "Што для гэтага трэба? Проста любіць", - лічыць аўтар. Тады прырода адкрываецца, яна гатова раскрыць тайны сваёй душы. А далей справа тэхнікі.

"Новы погляд на прывычныя нашаму воку краявіды беларускіх палёў, рэк, лясоў дазваляе адзначыць і паказаць асаблівыя тонкія моманты хараства родных мясцін. Пошук новых магчымасцей і выразных сродкаў падкрэслівае незвычайнае ў звычайным. Прырода - гэта жывы арганізм. І каб яна раскрыла свае сакрэты, асляпіла сваім хараством і акунула ў свет сваіх тайн, да яе трэба падыходзіць з адкрытым сэрцам. А прыгажосць яе бязмежная, яна мяняецца з кожнай новай парой года, подыхам ветру, промнем святла. Работы Людмілы Сідзенка запрашаюць далучыцца да гэтага падарожжа", - звярнулі ўвагу ў галерэі.

Людміла Сідзенка займаецца фатаграфіяй каля 15 гадоў. Працуе выкладчыкам камп'ютарнай графікі ў БНТУ. За час актыўнага занятку фатаграфіяй зрабіла 15 персанальных экспазіцый, удзельнічала ў многіх сумесных выставачных праектах, у тым ліку ў Італіі, Германіі, Літве, Украіне, Ізраілі, Расіі, удзельнік і фіналіст фатаграфічных міжнародных і беларускіх конкурсаў, куратар розных выстаў. Пераможца конкурсаў, сярод якіх "Мая Беларусь", "Еўропа нашымі вачамі", "Залатая чарапаха", "Арт-Мінск". Яе фатаграфіі публікаваліся ў часопісах Digital Photo, "Земля Беларуси", "Балтийский Бродвей", "Sammellinse" (Германія). Людміла Сідзенка з'яўляецца аўтарам кнігі "Фатаграфуем і апрацоўваем здымкі з дапамогай Photoshop".

Выстава прадоўжыцца да 19 мая.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі