Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 снежня 2020, 12:39

Новая экспазіцыя ў Брэсцкай крэпасці расказвае пра ўклад рэспублік СССР у агульную Перамогу

3 снежня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Музеі абароны Брэсцкай крэпасці адкрылася выстава "Наша агульная Перамога", прысвечаная 75-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела мемарыяльнага комплексу Алена Міцюкова.

Часовая экспазіцыя арганізавана па ініцыятыве Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД пры статутных і іншых органах Садружнасці пры садзейнічанні Міністэрства культуры Беларусі і музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Выстава ў мініяцюры паўтарае экспазіцыю Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны - ад першых абарончых баёў 1941 года і да пераможнага мая 1945.

Пра ўклад 11 рэспублік Савецкага Саюза ў Вялікую Перамогу расказваюць 16 мабільных стэндаў экспазіцыі. На выставе прадстаўлены партрэты герояў Вялікай Айчыннай вайны, копіі дакументаў, матэрыялы, якія апавядаюць пра ключавыя падзеі ВАВ, партызанскі рух, жыццё савецкага тылу ў ваенны час. Большасць раздзелаў адлюстроўваюць важнейшыя гістарычныя бітвы мінулай вайны - пад Масквой, Сталінградскую, Курскую, за Днепр, Яска-Кішынёўскую, Берлінскую і іншыя аперацыі. У кожным раздзеле можна знайсці матэрыялы пра ўраджэнцаў краін СНД - удзельнікаў тых падзей. Некалькі асобных планшэтаў прысвечаны беларускай тэме - абароне Брэсцкай крэпасці, абарончым баям на тэрыторыі рэспублікі летам 1941 года, партызанскаму руху і вызваленню Беларусі.

Завяршае экспазіцыю стэнд, прысвечаны ваеннаму друку. На ім можна ўбачыць лістоўкі, выдадзеныя ў гады вайны на азербайджанскай, армянскай, туркменскай, малдаўскай, украінскай, казахскай, беларускай, рускай і іншых мовах Садружнасці.

У Брэсце выстава "Наша агульная Перамога" будзе працаваць да пачатку студзеня. У далейшым яе плануецца паказаць у іншых гарадах краіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі