Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
06 мая 2021, 09:15

Новае "Лебядзінае возера" ў пастаноўцы Валянціна Елізар'ева завершыцца хэпі-эндам

6 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новае "Лебядзінае возера" завершыцца хэпі-эндам, у балет вернуцца страчаныя нумары. Аб гэтым 5 мая на прэс-канферэнцыі расказаў мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Беларусі Валянцін Елізар'еў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У спектаклі я захаваў станоўчую канцоўку, таму што фінал, у якім усе паміраюць, не атрымаў на прэм'еры ў Пятра Чайкоўскага падтрымкі публікі. Я спадзяюся, што кожны, хто ўбачыць нашу прэм'еру, заўважыць новую якасць", - сказаў Валянцін Елізар'еў.

Цяперашняя пастаноўка балета Пятра Чайкоўскага "Лебядзінае возера" - ужо шостая ў Вялікім тэатры. Першая была створана балетмайстрам Канстанцінам Мулерам і дырыжорам Натанам Грубіным у 1938 годзе, потым у 1948-м Канстанцін Мулер разам з дырыжорам Аланам Жаленцам прадставіў другую прэм'еру. У гэтых спектаклях выступалі Аляксандра Нікалаева, Ніна Младзінская, Бася Карпілава, Сямён Дрэчын і Валерый Міронаў. У 1967 і 1978 гадах над спектаклямі працавалі дырыжор Таццяна Каламійцава і балетмайстар Асаф Месерэр. У тыя гады выканаўцамі галоўных партый былі Ніна Давыдзенка, Ірына Савельева, Людміла Бржазоўская, Інеса Душкевіч, Таццяна Яршова, Леанід Чахоўскі, Аляксандр Мартынаў, Юрый Траян, Уладзімір Іваноў і Віктар Саркісьян. У 1986 годзе музычны кіраўнік і дырыжор-пастаноўшчык Генадзь Праватораў, балетмайстар Асаф Месерэр, мастак Эрнст Гейдэбрэхт і мастацкі кіраўнік Валянцін Елізар'еў зноў вярнуліся да "Лебядзінага возера". Новая рэдакцыя спектакля была пастаўлена ў 2012 годзе. І вось 15 мая 2021 года казка зноў ажыве на сцэне Вялікага тэатра.

"Праведзена вялікая работа: трэба было ўзняць шмат гістарычных даведак, арыгіналаў, ведаць гісторыю гэтага спектакля. Як вядома, прэм'ера адбылася ў Маскве ў канцы ХІХ стагоддзя. Яна была няўдалая, і спектакль нядоўга пратрымаўся ў рэпертуары. Незразумела было, чаму малавядомы нямецкі сюжэт пра дзяўчыну-лебедзя апынуўся на рускай сцэне. Толькі дзякуючы генію Пятра Чайкоўскага ён стаў сімвалам сусветнага, і ў прыватнасці рускага, балета", - падкрэсліў Валянцін Елізар'еў.

Мастацкі кіраўнік звярнуў увагу, што ў спектаклі падрыхтавана ўжо некалькі складаў. "У іх задзейнічаны як майстры беларускага балета, так і маладыя танцоры, якія, на мой погляд, вельмі пераканаўча і цікава раскрываюцца. Мне дапамагае прафесійная група рэпетытараў, у іх ліку заслужаная артыстка Беларусі Таццяна Шаметавец, народныя артысты Беларусі Ігар Артамонаў і Людміла Бржазоўская, Таццяна Яршова. Усе яны знакамітыя людзі ў нашай краіне, якія пакінулі вялікі след у беларускім мастацтве. Таксама я люблю адкрываць новыя імёны. Упершыню атрымаў самастойную работу з аркестрам новы для многіх дырыжор Уладзімір Авадок", - сказаў ён.

"Я рады, што нам удалося вярнуць даволі вялікі масіў музыкі, адкрыліся многія купюры ў параўнанні з папярэдняй версіяй, у тым ліку будзе выконвацца другі нумар з па-дэ-труа. Ён невялікі, але, на мой погляд, гэта шэдэўр. У цэлым мы з аркестрам стараемся крыху музычна ажывіць пастаноўку, дабавіць пластыкі, нейкіх нюансаў", - падзяліўся Уладзімір Авадок.

Пастаноўшчыкі таксама расказалі, што раскрылі яшчэ два існуючыя нумары ў партытуры, але адсутныя ў папярэдніх рэдакцыях. Гэта не адзіныя адрозненні новай пастаноўкі ад ранейшых.

"Што датычыцца белага і чорнага актаў, то атрымалася амаль без змяненняў. Ёсць адзін нюанс - Адылія цяпер будзе з'яўляцца ў вэлюме, паколькі яна таксама нявеста і прэтэндуе на ўвагу прынца. Глядач таксама ўбачыць змяненні ў чацвёртым акце", - дадала народная артыстка Беларусі выканаўца партыі Адэты-Адыліі Ірына Яромкіна.

Адказваючы на пытанні, каго танцаваць складаней і хто больш падыходзіць з дзвюх дзяўчат-лебедзяў, Ірына Яромкіна адказала: "У кожнай балерыны сваё ўспрыманне. Адной больш падабаецца быць белым лебедзем, а другой чорным. На самай справе вось гэта пераўвасабленне вельмі складанае, і сказаць, што мне больш падабаецца, таксама няпроста. Бо трэба працаваць над гэтымі вобразамі не толькі фізічна, але і псіхалагічна, гэта значыць я разважаю і аналізую сябе, прымушаю пераўвасобіцца, іграць лёс аднаго, а потым іншага персанажа. І ўсё ж такі мне больш падабаецца танцаваць чорнага лебедзя, але калі гляджу на сябе збоку, то здаецца, што я больш падыходжу для Адэты. Яна больш вытанчаная, у яе падоўжаныя лініі, а Адылія ломкая, каварная, хітрая. Напэўна, калі ты ў душы зусім іншы чалавек, то табе хочацца паспрабаваць процілегласць".

"Цяпер у жывапісным цэху працуюць над дэкарацыямі, у пашывачным шыюць адзенне для артыстаў (рыхтуецца больш за 240 касцюмаў), у рэпетыцыйных залах педагогі і артысты працуюць над тонкай матэрыяй, акуратна пераплятаючы паміж сабой нітачкі харэаграфіі Льва Іванова, Марыуса Петыпы, Аляксандра Горскага, Асафа Месерэра і Валянціна Елізар'ева. Дырыжор Уладзімір Авадок разам з музыкантамі спрабуе па-новаму прачытаць музыку геніяльнага Пятра Чайкоўскага. Мастаком-пастаноўшчыкам прэм'ернага балета выступіў даўні сябар беларускага Вялікага тэатра - народны мастак Расіі Вячаслаў Окунеў", - дадалі ў тэатры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі