Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
16 чэрвеня 2022, 16:36

Новае бачанне Купалы і Коласа прадстаўлена ў работах мастакоў у Палацы мастацтва

16 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новае бачанне творчасці Купалы і Коласа прадстаўлена ў работах сучасных беларускіх мастакоў на выставе "Мне сняцца сны аб Беларусі..." у Палацы мастацтва ў Мінску. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі "Спадчына класікаў нацыянальнай культуры ў сучасным беларускім мастацтве" ў Доме прэсы расказала першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Новае пакаленне маладых мастакоў малюе ў асацыятыўным метафарычным стылі, і гэтыя работы больш вобразна перадаюць тэматыку. Важна, што на гэтай выставе мы можам убачыць мастацкае ўспрыманне лірыкі Купалы і Коласа не толькі ў жывапісе, скульптуры і графіцы, але і ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве", - адзначыла Наталля Шаранговіч.

Паводле яе слоў, экспазіцыя "Мне сняцца сны аб Беларусі..." складаецца амаль з 200 работ. "І большая частка - гэта творы нашых сучаснікаў, прычым мастакоў не толькі з Мінска, але і з рэгіёнаў. Для сучасных мастакоў мы ставілі задачу не паказаць партрэты Янкі Купалы і Якуба Коласа, а даць свой адказ на пытанне: "Як бачыцца Беларусь праз прызму лірыкі Купалы і Коласа?". Нам вельмі хацелася, каб кожны глядач нашай выставы ўбачыў такую тэму сапраўды актуальнай", - падкрэсліла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў.

Наталля Шаранговіч таксама выказала падзяку Саюзу пісьменнікаў Беларусі за ўдзел у арганізацыі выставы. "Выяўленчае мастацтва і літаратура ў Беларусі ніколі не існавалі асобна. Упэўнена, мастакі заўсёды будуць адгукацца на новыя тэмы ў літаратуры. І мы будзем пашыраць супрацоўніцтва паміж нашымі творчымі саюзамі", - сказала яна.

"Беларускае мастацтва жыве, беларускае мастацтва гатова адгукнуцца на вельмі важныя і яркія тэмы. Безумоўна, лірыка Купалы і Коласа застаецца для беларускага мастацтва актуальнай і сёння", - рэзюмавала Наталля Шаранговіч.

Рэспубліканская выстава "Мне сняцца сны аб Беларусі..." Беларускага саюза мастакоў, прысвечаная 140-годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа, адкрыецца сёння ў залах Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі