
5 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Юбілейная выстаўка "Думкі і настроі Уладзіміра Солтана", прымеркаваная да 70-годдзя з дня нараджэння беларускага кампазітара, прадстаўлена ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў Нацыянальнай бібліятэкі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на афіцыйны сайт НББ.
Выстаўка знаёміць чытачоў з музычнай спадчынай кампазітара. На ёй прадстаўлены нотныя зборнікі, гуказапісы, навуковыя артыкулы і публікацыі з перыядычных выданняў.
У гэтым годзе Уладзіміру Солтану магло б споўніцца 70 гадоў. Свой творчы шлях кампазітар пачаў рана, яшчэ ў гады навучання ў Брэсцкім музычным вучылішчы (1970 - 1974). Першыя пробы пяра былі звязаны з вакальнымі жанрамі, але ўжо ў кансерваторскія гады Уладзімір Солтан звярнуўся да аркестравай і камерна-інструментальнай музыкі. Менавіта ў гэтых жанрах поўнасцю раскрыўся яго творчы патэнцыял.
Адметнай рысай твораў Уладзіміра Солтана стала яго імкненне насыціць музыку драматызмам. Гэта асаблівасць кампазітарскага мыслення найбольш ярка выявілася ў оперы "Дзікае паляванне караля Стаха" паводле аповесці Уладзіміра Караткевіча, якая стала візітнай карткай кампазітара і назаўсёды ўвайшла ў гісторыю опернага мастацтва нашай краіны. Невыпадкова з імем Уладзіміра Солтана звязваюць і пачатак адраджэння нацыянальнай оперы: ён злучае традыцыі еўрапейскай музыкі з беларускай песеннасцю і гучаннем народных інструментаў у сімфанічным аркестры.
Работа выстаўкі прадоўжыцца па 28 лютага.-0-