Фота Кірыла Халецкага
Не важна, дзе ты апынуўся. Важна, якія людзі будуць побач з табой. Гэтыя словы - галоўная ідэя будучай карціны "Беларусьфільма" пра маладую выпускніцу БДПУ, якая атрымала размеркаванне ў аграгарадок. На працягу ўсяго фільма гераіня ўвесь час сутыкаецца з цяжкасцямі жыцця, вучыцца ўзаемадзейнічаць з дзецьмі і знаходзіць радасць у сваім новым жыцці. Прэм'ера "Класнай" адбудзецца 18 верасня, а трэйлер набірае дзясяткі тысяч праглядаў без рэкламы. Аб усіх дэталях стварэння доўгачаканага рэліза карэспандэнту БЕЛТА расказаў рэжысёр Кірыл Халецкі і выканаўца галоўнай ролі Ірына Мароз.
Работа над фільмам "Класная" практычна завершана - засталося завяршыць работу над колеракарэкцыяй і гукам. Чарнавы варыянт паказалі ўжо фокус-групе, якая складалася з людзей розных прафесій. Міністэрства адукацыі запрасіла маладых педагогаў, выпускнікоў БДПУ, якія цяпер праходзяць размеркаванне. "Са свайго боку мы таксама запрасілі творчую моладзь. Хлопцы і дзяўчаты не маюць непасрэднага дачынення да фільма, але гэта людзі са сферы кіно, музыкі, фатаграфіі, тэлебачання, яны далі шчырую ацэнку", - расказаў Кірыл Халецкі.
Фокус-група прапанавала свае дапрацоўкі, некаторыя з іх унеслі. Паводле слоў рэжысёра, уражанні ў гледачоў засталіся вельмі станоўчыя. Некаторыя са здзіўленнем цікавіліся, няўжо гэта работа "Беларусьфільма"? "Моладзь ацаніла высокі візуальны ўзровень выканання, акцёрскую ігру. Адзначыла і музычны рад. А маладыя педагогі расказалі, што сюжэт вельмі падобны на рэальнае жыццё: няма ні слова фальшу і паказана ўсё так, як ёсць на самай справе, - сказаў Кірыл Халецкі. - У многіх было чаканне чарговага зразумелага кіно. Але тут сапраўды з'яўляюцца нейкія цікавыя сюжэтныя лініі, якіх не чакаеш. Гэта нешта новенькае".
Настаўнік і пасля ўрокаў
Размеркаванне - складаны этап для любога выпускніка ВНУ. У гэтай сітуацыі аказваецца галоўная гераіня. Яна ўпісваецца ў вобраз сучаснай маладой дзяўчыны, у пэўнай ступені дзёрзкай, разумнай, але адкрытай.
Выканаўца галоўнай ролі Ірына Мароз прызналася, што іграць настаўніцу было цяжка - перад здымкамі была вялікая работа над роляй. "Трэба было зразумець матывы персанажа, чаму яна выбрала гэту прафесію. Мая гераіня выкладае гісторыю і грамадазнаўства, даволі цяжкія прадметы, якія ў школах не заўсёды ўспрымаюць. Некаторыя нюансы ўдакладняла ў педагога-хроснай: яна дала параду размаўляць з дзецьмі, як з сябрамі", - расказала яна.
Разам з тым, як адзначыў рэжысёр, з заканчэннем урокаў настаўнік застаецца настаўнікам: і дома, і ў выхадныя, і ўначы. "Вельмі хацелася паказаць, наколькі гэта важная і адказная прафесія", - дадаў Кірыл Халецкі.
У чаканні прэм'еры
У сетцы ўжо апублікаваны два трэйлеры. Прома-ролік на 30 секунд сабраў некалькі дзясяткаў тысяч праглядаў без рэкламы і таргету. Чаканні публікі былі настолькі вялікімі, што стваральнікі нават арганізавалі конкурс школьных фатаграфій, лепшыя з якіх увойдуць у фільм. "Да карціны цяпер павышаная ўвага. Людзі ў прыемным шоку ад таго, што гэта здымаецца ў Беларусі. У хуткім часе ў горадзе з'явіцца больш постараў і банераў. Плануем зняць невялікія інтэрв'ю з акцёрамі, якія падзеляцца ўражаннямі ад здымак і раскажуць крыху пра свайго героя, успомняць выпадкі са школьнага жыцця", - адзначыў Кірыл Халецкі.
Рэжысёр падкрэсліў, што "Класная" - гэта кіно пяшчотнае і шчырае, пасля якога застаецца пачуццё нечага светлага. А такі водгук карціна атрымала, таму што школа была ў жыцці ў кожнага. "У маіх фільмах дабро заўсёды перамагае, а ў жыцці ёсць месца надзеі. Таму гледачам пасля выхаду з залы на самай справе будзе што абмеркаваць. Для нас лепшай пахвалой будзе, калі яны патэлефануюць сваім настаўнікам і класным кіраўнікам", - дадаў ён.
Прэм'ера абяцае быць яркай і гучнай - студыя актыўна да яе рыхтуецца. "Думаем, што пакажам усё ў лепшым выглядзе. Будзе практычна ўвесь акцёрскі склад фільма, у тым ліку і расійскія калегі. Гасцей чакаюць фотазоны, аўтограф-сесіі. У нашым фільме гучыць вельмі шмат маладзёжных трэкаў, магчыма, запросім і артыстаў, каб яны іх выканалі", - падзяліўся рэжысёр.
З чаго ўсё пачыналася
Гісторыя стварэння карціны пачалася прыкладна год таму. Міністэрства культуры аб'явіла конкурс сцэнарыяў на тэму школы, настаўнікаў і педагогаў. "Выйграў сцэнарый Андрэя Курса пад назвай "Класная дама". На студыі таксама быў праведзены міні-конкурс сярод сваіх рэжысёраў, вырашалі, хто мог бы зняць такі фільм і найбольш яскрава раскрыць тэму. "Перш за ўсё я выключыў слова "дама" са сцэнарыя - яно падалося не зусім сучасным. А слова "Класная" - двухсэнсоўнае, кароткае, ёмістае - больш выйгрышным", - успомніў Кірыл Халецкі.
Няма права на памылку
Для рэжысёра здымкі "Класнай" сталі новым узроўнем маштабнасці. Здымачная група складала больш за 100 чалавек, а на самай вялікай змене здымалася больш за 200 акцёраў масоўкі - яны былі вельмі рознымі: з вопытам і без вопыту, дзецьмі і дарослымі.
"На здымках майго дэбютнага поўнаметражнага фільма "Кіношнікі" панавала сямейная і сяброўская атмасфера. Мы ўсе былі зараджаны і адносіліся да работы азартна. Але тут мы адчувалі павышаны груз адказнасці. Узровень фільма - вышэй, а бюджэты больш. Калі ў дэбютным поўнаметражным фільме ты можаш дапусціць памылку, то тут права на яе няма. На фільм звернута шмат увагі", - адзначыў рэжысёр.
Ірына Мароз апісала асаблівую атмасферу на здымках: "Ты прыходзіў як да сябе дадому. Усё адбывалася без спешкі. Добра ўспрымалася імправізацыя: бываюць праекты, у якіх рэжысёры прытрымліваюцца толькі сцэнарыя - ні кроку направа, ні кроку налева, паўтараеш кожнае слова. А Кірыл быў больш лаяльны ў гэтым пытанні і чакаў, што мы прыўнясём свае ідэі".
Вельмі ўважлівы падыход дапамог зрабіць герояў больш рэалістычнымі. "На кон постаўлены гонар настаўнікаў краіны. Мы падышлі да гэтай тэмы вельмі ўважліва, паглыбіліся ў іх жыццё і работу, часта раіліся з Міністэрствам адукацыі: наколькі такая сітуацыя магла б адбыцца. У выніку кожны глядач знаходзіць сябе або знаёмых у персанажах: "О, а ў мяне быў такі дырэктар!" - сказаў на заканчэнне рэжысёр.
БЕЛТА.-0-