Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 верасня 2021, 11:56

НББ прадставіла выстаўку аб літаратурнай спадчыне Ніла Гілевіча да 90-годдзя з дня яго нараджэння

21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка "Прывесці ў рух энергію сумлення…", прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі літаратуразнаўца, фалькларыста, перакладчыка Ніла Гілевіча адкрылася сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў аддзеле абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі НББ.

"Багатая літаратурная спадчына пісьменніка прадстаўлена зборам твораў у 23 тамах, кнігамі выбраных твораў, зборнікамі лірыкі, раманам у вершах "Родныя дзеці", паэмай "Сказ пра Лысую гару", зборнікам п'ес "Начлег на буслянцы", аўтабіяграфічнай аповесцю "Перажыўшы вайну", зборнікамі літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў, кнігамі сатыры і гумару, творамі для дзяцей", - расказалі ў бібліятэцы.

Творы Ніла Гілевіча перакладзены на многія мовы. Раздзел "Звонкае сэрца паэта" знаёміць гасцей з творамі аўтара на балгарскай, польскай, рускай, англійскай, іспанскай і іншых мовах, а таксама з яго перакладчыцкай дзейнасцю.

"На словы паэта пісалі музыку многія беларускія кампазітары: Мікалай Чуркін, Мікалай Аладаў, Яўген Цікоцкі, Анатоль Багатыроў, Яўген Глебаў, Ігар Лучанок, Дзмітрый Смольскі. Вершы паэта "Вы шуміце бярозы", "Жаўраначка", "Шлях да Беларусі", "Родная мова", "Край мой беларускі, край" сталі любімымі песнямі ў народзе. Зборнікі нот сабраны ў раздзеле "Песенная панарама", - дадалі ў НББ.

Раздзел "Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы" прысвечаны даследаванню шматграннай творчасці Ніла Гілевіча.

Наведаць выставачны праект можна да 15 лістапада.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі