Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 студзеня 2021, 15:08

НББ падрыхтавала віртуальны праект да юбілею аднаго з заснавальнікаў "Маладняка" Андрэя Александровіча

27 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала віртуальны праект да 115-годдзя з дня нараджэння беларускага паэта, аднаго з заснавальнікаў літаратурнага аб'яднання "Маладняк" Андрэя Александровіча. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў НББ.

Праект, размешчаны на інтэрнэт-партале НББ, прадастаўляе доступ да пераведзеных у лічбавы фармат кніг, рукапісаў, дакументаў, перапіскі Андрэя Александровіча, яго фатаграфій і публікацый сучасных аўтараў аб пісьменніку. У фондах бібліятэкі захоўваецца ўся прыжыццёвая спадчына Андрэя Александровіча. У праекце размешчаны 25 пераведзеных у лічбавы фармат кніг, сярод якіх зборнікі вершаў "Па беларускім бруку" (1925), "Прозалаць" (1926), "Угрунь" (1927), "Гудкі" (1930), паэмы "Цені на сонцы" (1930) і "Напор" (1933), вершаваны зборнік "Узброеныя песні" (1936), творы для дзяцей, а таксама проза.

"У праекце сабрана літаратура аб жыцці і творчасці паэта. Даследчыкам будзе цікава азнаёміцца з поўнымі тэкстамі матэрыялаў сучасных аўтараў, якія робяць праект актуальным. Безумоўна, зацікавяць карыстальнікаў фатаграфіі, сканы дакументаў, рукапісы, віншавальныя паштоўкі, асабістыя рэчы Андрэя Александровіча, якія захоўваюцца ў фондах партнёраў праекта", - расказалі ў НББ.

Віртуальны праект створаны ў рамках сумеснай ініцыятывы "На хвалі часу, у плыні жыцця", якую Нацыянальная бібліятэка рэалізуе разам з партнёрамі - Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і выдавецкім домам "Звязда", у прыватнасці часопісам "Маладосць".

Андрэй Александровіч нарадзіўся ў Мінску. У 1924 годзе выдаў першы зборнік вершаў "Комсомольская нота" сумесна з Анатолем Вольным. Працаваў рэдактарам газеты "Наш працаўнік", рэдагаваў часопіс "Малады араты". Быў адным з арганізатараў літаратурнага аб'яднання "Маладняк", удзельнічаў у падрыхтоўцы рэформы беларускага правапісу 1933 года і рабоце камісіі для перагляду руска-беларускага слоўніка і новых правіл правапісу беларускай мовы. Узначальваў Інстытут мовы Акадэміі навук Беларускай ССР, у 1934-1937 гады быў намеснікам старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У чэрвені 1937 года выключаны з праўлення, праз год арыштаваны і асуджаны на 15 гадоў лагераў. У 1947 годзе датэрмінова вызвалены. Праз год паэта зноў арыштавалі і выслалі ў Краснаярскі край. Рэабілітаваны ў 1955 годзе. Памёр у 1963 годзе, пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі