Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 лютага 2021, 14:04

НББ да 130-годдзя Максіма Багдановіча аб'яднала ў каталог усе вядомыя аўтографы паэта

4 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная бібліятэка Беларусі да 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча выдала ўнікальны каталог "Аўтографы Максіма Багдановіча", што аб'ядноўвае ўсе вядомыя на сёння аўтографы паэта. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў навукова-даследчым аддзеле кнігазнаўства.

Падрыхтоўкай каталога займаліся супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. У праекце ўдзельнічалі музеі, архівы, бібліятэкі Беларусі, Літвы, Расіі, Украіны.

Каталог уключае 10 раздзелаў і змяшчае аўтографы на фатаграфіях, вершы, пераклады, артыкулы, лісты, дароўныя надпісы, уласнаручныя запісы, дакументы Мінскага аддзела Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, дакументы Мінскай губернскай харчовай камісіі, факсімільныя выявы страчаных аўтографаў.

У раздзеле "Дароўныя надпісы" адлюстраваны аўтограф, што захоўваецца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі, ён размешчаны на тытульнай старонцы зборніка "Вянок" (1913). "Максім Багдановіч падпісаў кнігу ў Яраслаўлі ў 1914 годзе свайму сябру Мікалаю Кукуеву. У гімназічны перыяд жыцця паэт правёў шмат часу ў доме сям'і Кукуевых і сябраваў з братамі Рафаілам і Мікалаем, а таксама сёстрамі Ганнай і Варварай. Менавіта да Ганны Кукуевай паэт зведаў моцнае пачуццё кахання. Ёй прысвечаны паэтычны цыкл "Мадонны", многія вершы розных гадоў. Некаторыя даследчыкі лічаць, што менавіта высокія пачуцці да гэтай дзяўчыны натхнілі паэта на напісанне цудоўнага "Раманса" ("Зорка Венера ўзышла над зямлёю...")", - адзначылі ў бібліятэцы.

Аб гісторыі паступлення "Вянка" вядома з успамінаў бібліёграфа Ніны Ватацы, што адлюстравана ў каталозе: "У 1971 годзе Міністэрства культуры БССР атрымала пісьмо з Ленінграда ад Мікалая Лілеева, сына Ганны Кукуевай, які паведамляў, што ў яго ёсць экзэмпляр кнігі Максіма Багдановіча "Вянок" з аўтографам паэта, і прапаноўваў аддаць яго на радзіму Максіма Багдановіча".

Каталог будзе вельмі запатрабаваны не толькі даследчыкамі - многім школьнікам і студэнтам будзе карысна пачытаць рукапісныя тэксты класіка беларускай літаратуры. Акрамя таго, і аматарам паэзіі будзе цікава ўбачыць акуратны каліграфічны почырк любімага аўтара.

Тыраж каталога зусім невялікі, таму папяровы варыянт адразу становіцца бібліяграфічным рарытэтам. Электронная версія выдання даступна ўсім на сайце Нацыянальнай бібліятэкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі