Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 снежня 2020, 14:09

Навуковыя работы і аўтарскія рукапісы кампазітара Мікалая Аладава можна ўбачыць на выстаўцы ў Мінску

17 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка "Служэнне мастацтву" да 130-годдзя з дня нараджэння кампазітара, дырыжора, народнага артыста Беларусі Мікалая Аладава адкрылася ў нотна-навуковай бібліятэцы Акадэміі музыкі, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

На выстаўцы прадстаўлены навуковыя, навукова-папулярныя і літаратурна-мастацкія выданні, манаграфіі, даследаванні жыцця і творчасці Мікалая Аладава, напісаныя вядомымі беларускімі музыказнаўцамі, выкладчыкамі і аспірантамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Акрамя таго, можна ўбачыць нотныя выданні і аўтарскія рукапісы музычных твораў кампазітара. "Асаблівай увагі заслугоўваюць машынапісы навуковых работ Аладава з фонду рэдкіх дакументаў. Сярод іх "Заметки по вопросу воспитания молодых композиторов" (1957), "Материалы по истории развития музыкального образования в БССР с 1918 по 1941 год" (1952), "К вопросу о содержании и форме в музыке" (1963). Выстаўку дапаўняюць аўдыявізуальныя дакументы", - расказалі арганізатары.

Мікалай Аладаў стаяў ля вытокаў беларускай кампазітарскай школы і прафесійнай музычнай адукацыі. Выпускнікамі класа кампазіцыі ў кансерваторыі былі Рычард Буцвілоўскі, Анатоль Зарубко, Фёдар Пыталеў. Вучнямі Аладава ў кансерваторыі і тэхнікуме ў розны час былі многія знакамітыя беларускія музыканты, сярод якіх Анатоль Багатыроў, Нестар Сакалоўскі і Мікалай Шыманскі.

"Кампазітар стварыў каля 300 музычных твораў, ён аўтар першай беларускай камічнай оперы "Тарас на Парнасе", першага беларускага камернага інструментальнага ансамбля "Квінтэт на тэмы беларускіх народных песень", дзесяці сімфоній, пяці кантат, вакальна-сімфанічнай паэмы "Над Ракай Арэсай", оперы "Андрэй Касценя", вакальных цыклаў на словы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Максіма Танка", - дадалі арганізатары.

Наведаць экспазіцыю можна па 5 студзеня 2021 года.

Народны артыст Беларусі Мікалай Аладаў - кампазітар, педагог, вучоны. Пасля заканчэння Пецярбургскай кансерваторыі пачаў прафесійную дзейнасць у якасці канцэртмайстра, займаўся выкладчыцкай, музычна-асветніцкай дзейнасцю. Працаваў ва Усходняй кансерваторыі ў Казані, Дзяржаўным інстытуце музычнай навукі ў Маскве, Мінскім музычным тэхнікуме, Белдзяржкансерваторыі, уваходзіў у беларускую песенную камісію. Акрамя таго, быў членам, а пазней і старшынёй Саюза кампазітараў Беларусі. Стварыў першыя ў беларускай музыцы драматычныя і лірыка-псіхалагічныя сімфоніі. Яго імя мае мінская музычная школа нумар 2. На доме, дзе жыў кампазітар, устаноўлена мемарыяльная дошка. Адна з вуліц Мінска названа ў гонар Мікалая Аладава і яго жонкі - мастацтвазнаўца Алены Аладавай. У 1981 годзе аб кампазітары зняты фільм "Старэйшына беларускай музыкі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі