Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 снежня 2018, 09:31

Навагоднюю версію "Брэменскіх музыкантаў" падрыхтавалі ў Гомельскім аблдрамтэатры

13 снежня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Тэатральную версію "Брэменскіх музыкантаў" уключыў Гомельскі абласны драмтэатр у навагодні рэпертуар, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар тэатра Уладзімір Ступінскі.

Па традыцыі трупа Гомельскага аблдрамтэатра падрыхтавала арыгінальныя віншаванні з надыходзячым Новым годам юных гамяльчан і іх бацькоў. Сезон навагодніх паказаў збярэ тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак.

Акунанне ў святочную атмасферу адбудзецца адразу з увахода. Цуды і весялосць пачнуцца ўжо ў фае. Дзеці трапяць у чароўны гарадок з фотазонамі і навагоднімі інсталяцыямі. Да пачатку паказу на спецыяльных пляцоўках яны змогуць паўдзельнічаць у вясёлых спаборніцтвах і конкурсах. Таксама дзяцей запросяць на навагодні карагод ля красуні ёлкі з удзелам Дзеда Мароза, Снягурачкі і іншых казачных персанажаў.

Галоўным падарункам для гасцей драмтэатра стане новая казка "Прыгоды брэменскіх музыкантаў". Гэта пастаноўка паводле п'есы В. Ліванава і Ю. Энціна. "На сцэне разгорнецца добра знаёмая па кнігах і мультфільмах гісторыя пра каханне Трубадура і Прынцэсы, пра неразумнага Караля і каварнага Сышчыка, пра вясёлых разбойнікаў і пра верных і надзейных сяброў Трубадура - Ката, Асла, Пеўня і Сабаку. Акрамя таго, гэты квартэт - яшчэ і вельмі таленавітыя музыканты і вынаходлівыя артысты!", - расказалі ў абласным драмтэатры.

Спектакль напоўнены песнямі, напісанымі спецыяльна для мультфільма. У тэатральнай версіі "Брэменскіх музыкантаў" прагучаць таксама папулярныя сучасныя кампазіцыі, добра знаёмыя і дзецям, і дарослым.

Рэжысёр-пастаноўшчык казкі і навагодняга паказу Андрэй Шыдлоўскі, мастак-пастаноўшчык Таццяна Стысіна, харэограф Аксана Ражкова.

Навагоднія дзіцячыя паказы стартуюць у Гомельскім абласным драматычным тэатры з 20 снежня і пройдуць па 13 студзеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі