20 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь прыняла ўдзел у 21-м рэспубліканскім фестывалі нацыянальнасцей "Адзінства праз разнастайнасць", які адбыўся ў Кішынёве. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў беларускім пасольстве ў Малдове.
Для прэзентацыі ўдзельнікам і гасцям фестывалю нацыянальнай культуры пасольства Беларусі сумесна з Беларускім культурным цэнтрам у Малдове і прадстаўнікамі шэрага арганізацый беларускай дыяспары Малдовы арганізавалі імправізаванае беларускае падвор'е. Госці "беларускай хаты" змаглі азнаёміцца не толькі з побытам беларускай вёскі, але і паспрабаваць стравы беларускай кухні, убачыць нацыянальнае адзенне, пачуць беларускія песні ў выкананні творчых калектываў беларускай дыяспары Малдовы. Акрамя таго, на размешчаных каля беларускага падвор'я стэндах была прадстаўлена інфармацыя аб знакавых датах і падзеях у гісторыі развіцця Беларусі, яе знакамітых людзях.
Фестываль адкрыўся з ускладання кветак да помніка Штэфану чэл Марэ шы Сфынт, у якім прынялі ўдзел арганізатары, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў рэспубліцы, і дэпутацкага корпуса Малдовы, а таксама члены этнічных арганізацый гэтай краіны.
У фестывалю простая і той жа час вельмі важная місія: пашырэнне і ўмацаванне міжнацыянальнага міру ў Малдове, у Еўропе і ва ўсім свеце. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі прымэрыя Кішынёва, Агенцтва міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова ў партнёрстве з Каардынацыйным саветам этнакультурных арганізацый і мясцовымі органамі ўлады.-0-