Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 лістапада 2021, 10:44

Нацыянальныя кінастудыі краін СНД пашыраюць супрацоўніцтва

23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кінастудыі дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў маюць намер пашыраць узаемавыгаднае супрацоўніцтва. Аб гэтым гаварылася на пасяджэнні кіраўнікоў нацыянальных кінастудый, якое прайшло 22 лістапада ў штаб-кватэры СНД у Мінску, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Выканаўчага камітэта СНД.

У пасяджэнні, арганізаваным у рамках Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад", удзельнічалі кінематаграфісты з Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана і Грузіі. На сустрэчы, у прыватнасці, прагучалі ініцыятывы аб рабоце над сумеснымі кінапраектамі, арганізацыі здымак на тэрыторыях іншых дзяржаў СНД, стварэнні адзінай акцёрскай базы даных.

Дырэктар дэпартамента гуманітарнага супрацоўніцтва, агульнапалітычных і сацыяльных праблем Выканаўчага камітэта СНД Аляксей Сазонаў падкрэсліў, што захаванне агульнай гуманітарнай, культурнай прасторы застаецца адным з галоўных прыярытэтаў супрацоўніцтва краін Садружнасці. І кіно з'яўляецца адным з найбольш эфектыўных сродкаў для дасягнення гэтай мэты.

Ён нагадаў, што ў СНД дзейнічае шэраг міжнародных дагавораў і рашэнняў у галіне кінематаграфіі. Гэта адпаведнае пагадненне аб супрацоўніцтве, пагадненне аб сумеснай фільмавытворчасці. Ёсць базавая арганізацыя па супрацоўніцтве ў галіне прафесійнай адукацыі па напрамку "кіно", статус якой атрымаў Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі імя Герасімава. Пры Савеце па культурным супрацоўніцтве створана пастаянна дзеючая рабочая група па кінематаграфіі.

"Асноўныя мерапрыемствы супрацоўніцтва дзяржаў СНД у галіне культуры - дакумент, які зацвярджаецца Саветам кіраўнікоў урадаў СНД на кожныя чарговыя пяць гадоў, нязменна ўключаюць у сябе пералік знакавых для Садружнасці міжнародных кінафестываляў. Сярод іх "Залаты абрыкос" у Арменіі, у Беларусі - міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў "Анімаёўка" ў Магілёве і мінскі "Лістапад", кінафестываль краін СНД і Балтыі ў Расіі. З 2013 года ў Кыргызстане штогод праводзіцца Форум маладога кіно краін СНД "Умут", які з 2016 года атрымлівае ў тым ліку падтрымку з Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва", - адзначыў Аляксей Сазонаў.

Паводле яго слоў, на Мінскім міжнародным кінафестывалі "Лістапад" Выканаўчы камітэт СНД штогод уручае спецыяльны прыз "Кіно без меж" за развіццё культурнага супрацоўніцтва і ўмацаванне дружбы паміж народамі. У розныя гады гэтым прызам былі адзначаны творчыя калектывы стваральнікаў фільмаў з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Расіі.

Аляксей Сазонаў таксама падкрэсліў, што такія сустрэчы Выканкам СНД разглядае як магчымасць прамога дыялогу па значных пытаннях гуманітарнага ўзаемадзеяння.

Падчас пасяджэння адбыліся прэзентацыі дасягненняў нацыянальных кінастудый дзяржаў Садружнасці. Удзельнікі абмеркавалі пытанні, якія датычацца змяненняў у заканадаўчай сістэме краін і іх уплыву на кінавытворчасць, дзяржаўнай падтрымкі кінастудый, а таксама асноўныя праблемы кінапрадукцыі: выбар праектаў, асаблівасці фінансавання, дыстрыбуцыя на міжнародны рынак.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі