Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
15 кастрычніка 2019, 15:47

Нацыянальны конкурс "Лістапад-2019" пройдзе 5-7 лістапада

15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паказы фільмаў нацыянальнага конкурсу XXVI Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" пройдуць 5-7 лістапада ў сталічных кінатэатрах, паведаміў сёння каардынатар конкурсу Мікалай Лаўранюк на прэс-канферэнцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У гэтым годзе конкурс нацыянальнага кіно пройдзе шосты раз. Ад беларускіх аўтараў прыйшлі 83 заяўкі, - адзначыў каардынатар конкурсу. - Крытэрыі ацэнкі фільмаў былі вельмі сур'ёзныя, патрабаванні былі сугучныя з міжнароднымі тэндэнцыямі і адпавядалі ўзроўню міжнароднага фестывалю, што дало магчымасць выбраць лепшых з лепшых".

Праграма нацыянальнага конкурсу ўключае 5 работ ігравога кіно, 9 дакументальных фільмаў і 6 анімацыйных стужак.

Паводле слоў Мікалая Лаўранюка, анімацыйных фільмаў было заяўлена нямнога, але ўсе яны "на вагу золата". "Усе нашы аўтары вельмі таленавітыя, яны ствараюць сапраўдны цуд на экране, - сказаў ён. - Усе шэсць стужак былі зняты на "Беларусьфільме". Гэта і казкі для дзіцячай аўдыторыі, і гісторыі, прызначаныя для дарослых, якія закранаюць тэмы беларускай і міжнароднай культуры".

Анімацыя будзе прадстаўлена такімі работамі, як "Прыгажун і пачвара" рэжысёра Наталлі Дарвінай, "Дантэ. Беатрычэ" Ірыны Кадзюковай, "Паданне пра гуслі" Таццяны Кубліцкай, "Чартапалох" Яўгена Надточая, "Магістр вольных мастацтваў" Алены Пяткевіч і "Лепшае месца на свеце" Ірыны Тарасавай. Сеансы анімацыйнага кіно пройдуць у кінатэатры "Піянер".

Многія фільмы секцыі дакументальнага кіно ўжо адзначаны на міжнародных кінафестывалях: "Трэнер" рэжысёра Вольгі Абрамчык, "Гульня ў класікі" Дар'і Дзямуры, "Адна сям'я" Наталлі Жамойдзік, "Хронікі ртуці" Сашы Кулака і Бена Геза, "Summa" Андрэя Куцілы, "Перазімаваць" Евы-Кацярыны Махавай, "Мая бабуля з Марса" Аляксандра Міхалковіча, "Вялікае падарожжа князя Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі" Юрыя Цімафеева, "Чыстае мастацтва" Максіма Шведа.

"У ігравым кіно прадстаўлены пяць карцін, якія заслугоўваюць асаблівай увагі, - падкрэсліў каардынатар конкурсу. - Стужка "Пляж/ Лес/ Тамбур" рэжысёраў Кірыла Галіцкага і Святланы Казлоўскай раскажа аб адносінах і страху. Адбудзецца сусветная прэм'ера фільма "Апошні дзень гэтага лета" Юліі Шатун і Мікіты Аляксандрава, у цэнтры якога старшакласнік, які перажывае апошні дзень лета. Карціна "1986" нямецкага рэжысёра Латара Херцага трапіла ў нацыянальны конкурс таму, што яна поўнасцю знята ў Беларусі, у ёй прыняла ўдзел вялікая колькасць беларускіх кінематаграфістаў. Фільм паказвае і сучасную Беларусь, і адлюстроўвае боль чарнобыльскай трагедыі". Акрамя таго, будуць прадстаўлены стужкі "Сашава пекла" Мікіты Лаўрэцкага і "Возера радасці" Аляксея Палуяна.

Ацэньваць фільмы нацыянальнага конкурсу будуць беларускі рэжысёр-дакументаліст Вольга Дашук, прадзюсар і адборшчык фільмаў для Гётэбаргскага кінафестывалю ў Швецыі Фрэдзі Ольсан на чале з рэжысёрам з Польшчы Кшыштафам Занусі.

У пазаконкурсную праграму "Беларуская панарама" ўвайшлі 4 прэм'ерныя кароткаметражныя работы ад добра вядомых рэжысёраў: "Нічога" Юліі Дублеўскай, "На парозе маўчання" Кірыла Ярохіна аб насіллі ў сям'і, "Рыбы дзён маіх" Дзмітрыя Рачкоўскага і Андрэя Крывецкага аб беларускай сям'і і разрыве сувязей паміж пакаленнямі, а таксама фільм "Пастка" Дар'і Юркевіч.

XXVI Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" пройдзе з 1 па 8 лістапада. Яго заснавальнікамі выступаюць Міністэрства культуры і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Арганізатар - Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі