Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
01 лістапада 2011, 15:29

Нацыянальная музычная прэмія прадэманструе дасягненні эстраднага мастацтва - У.Карачэўскі

1 лістапада, Мінск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Нацыянальная музычная прэмія, якую ўручаць у Беларусі ўпершыню, прадэманструе дасягненні ў розных напрамках эстраднага мастацтва. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Карачэўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Матэрыялы для ўдзелу неабходна накіраваць да 15 лістапада ў Маладзёжны тэатр эстрады. Як растлумачыў Уладзімір Карачэўскі, заяўкі будуць прадстаўлены на разгляд адборачнай камісіі, пасля чаго - экспертнаму савету, які адбярэ па тры прэтэндэнты ў кожнай намінацыі. У склад экспертнай камісіі ўвойдуць вядомыя дзеячы беларускай культуры і мастацтва, а таксама прадстаўнікі грамадскасці. Дарэчы, гледачы змогуць аддаваць свае галасы за прэтэндэнтаў, якія ім спадабаліся, на атрыманне адной з пяці спецыяльных узнагарод - "Прыза глядацкіх сімпатый". Якім чынам будзе праходзіць галасаванне - у Інтэрнэце або ў эфіры тэлеканала СТБ - стане вядома пазней.

Вынікі прэміі будуць падведзены 13 снежня ў Палацы Рэспублікі, дзе адбудзецца вялікі гала-канцэрт. Пераможцы па выніках работы за 2011 год будуць названы ў намінацыях "Лепшая песня года", "Лепшы жаночы вакал", "Лепшы мужчынскі вакал", "Лепшая музычная група", "Адкрыццё года", "Лепшы аўтар музыкі", "Лепшы аўтар слоў", "За ўклад у развіццё беларускай эстрады", "Лепшая песня на беларускай мове", "Лепшы альбом года", "Лепшы канцэрт года", "Лепшы кліп года", "Лепшы журналіст (музычны крытык)", "Лепшы прадзюсар", "Лепшы гастрольны тур", "Зорачка года (лепшы юны выканаўца)". Лаўрэаты будуць удастоены спецыяльнага прыза, дыплома і грашовай прэміі. Памер грашовай прэміі вар'іруецца ад 62 да 95 базавых велічынь. Дызайн статуэткі, якую ўручаць пераможцам, распрацаваў скульптар Андрэй Хацяноўскі, які працаваў над узнагародамі Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу "Тэлевяршыня". Статуэтка арганічна спалучае ў сабе музычную сімволіку, зорку як сімвал эстрады і беларускія арнаменты.

Уладзімір Карачэўскі падкрэсліў, што міністэрства стараецца актывізаваць культурнае жыццё краіны праз ініцыятывы і цікавыя мерапрыемствы. Сярод найбольш цікавых праектаў, якія будуць рэалізаваны ў перспектыве, "Залатая калекцыя беларускай эстрады ХХ стагоддзя". Маладзёжны тэатр эстрады разам са спецыялістамі ў галіне музычнага мастацтва выбера дваццаць лепшых песень ХХ - пачатку ХХІ стагоддзяў, якія будуць гучаць на розных пляцоўках Беларусі. Яшчэ адзін перспектыўны напрамак дзейнасці міністэрства - фінансаванне запісу новых беларускамоўных эстрадных кампазіцый. "Мы прадаўжаем закладзеныя традыцыі і спадзяёмся, што наша эстраднае мастацтва будзе развівацца", - сказаў першы намеснік міністра культуры.

Арганізатары Нацыянальнай музычнай прэміі - Міністэрства культуры і ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне".
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі