Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 снежня 2021, 11:47

Нацыянальная бібліятэка стварыла віртуальны рэсурс пра пісьменніка і крытыка Міхася Зарэцкага

17 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новы віртуальны рэсурс праекта "На хвалі часу, у плыні жыцця", прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння пісьменніка, крытыка і перакладчыка Міхася Зарэцкага, стварылі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў інфармацыйна-аналітычным аддзеле ўстановы.

Карыстальнікам праекта прадстаўлены матэрыял аб жыцці і творчасці Міхася Зарэцкага, цікавыя факты яго біяграфіі, цытаты і ўспаміны сучаснікаў. У раздзеле размешчана 14 пераведзеных у лічбавы фармат кніг празаіка, якія былі выдадзены пры яго жыцці і захоўваюцца ў фондах бібліятэкі. Сярод іх - зборнікі апавяданняў "Спявала вясна", "Пад сонцам", "На чыгунцы", "Ракавыя жаронцы", аповесць "Голы звер", раманы "Сцежкі-дарожкі" і "Вязьмо", нарысы "Падарожжа на Новую Зямлю", "Лісты ад знаёмага" і іншыя творы.

У праекце размешчаны поўныя тэксты артыкулаў сучасных аўтараў - Алены Белай, Ігара Шаладонава, Васіля Дранько-Майсюка. Да ініцыятывы далучаюцца і новыя даследчыкі. "Нават сёння творчасць Міхася Зарэцкага застаецца нявывучанай, бо многія рукапісы, пісьмы і фатаграфіі пісьменніка не захаваліся. Аднак у раздзеле "Фотагалерэя" можна ўбачыць каштоўныя дакументы з фондаў нашых партнёраў. На здымках ёсць сам пісьменнік, яго сваякі, калегі і таварышы", - дадалі ў НББ. Дарэчы, даследчыкі могуць спампаваць усе фотаматэрыялы для далейшага выкарыстання са спасылкай на захавальнікаў дакументаў.

Акрамя таго, у экспазіцыі прадстаўлены рэчы, звязаныя з пісьменнікам: старонка пра Міхаса Зарэцкага з запісной кніжкі яго калегі Адама Бабарэкі, запрашэнні на вечары, прысвечаныя юбілеям пісьменніка, машынапіс рэцэнзіі літаратурнага крытыка Юльяна Пшыркова на раман "Сцежкі-дарожкі".

"У мінулым месяцы мы адзначылі юбілей члена літаратурных аб'яднанняў "Маладняк" і "Полымя" Міхася Зарэцкага, творчасць якога ў 1920-1930-я гады карысталася вялікай папулярнасцю як сярод знатакоў літаратуры, так і шырокай публікі", - расказалі ў бібліятэцы.

У памяць пра Міхася Зарэцкага праводзіцца шэраг мерапрыемстваў: кніжныя і віртуальныя выставы, літаратурныя чытанні, лекцыі і пазнавальныя экскурсіі, здымаюцца фільмы па творах празаіка, выходзяць яго кнігі, ілюстраваныя сучаснымі мастакамі.

Віртуальны праект "На хвалі часу, у плыні жыцця", прысвечаны 100-годдзю літаратурнага аб'яднання "Маладняк", рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і газетай "Літаратура і мастацтва".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі