Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 лютага 2020, 19:56

Нацыянальная бібліятэка раскрые тайны Брэсцкай Бібліі на кніжнай выстаўцы ў Мінску

4 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першым мерапрыемствам XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу стане прэзентацыя выдавецкіх праектаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прысвечаных галоўнай кнізе 2019 года - Брэсцкай Бібліі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва ўстанове.

Факсімільнае выданне Брэсцкай Бібліі 1563 года выклікала сапраўдны інфармацыйны ўзрыў. Яе прэзентацыі прайшлі не толькі ў розных гарадах Беларусі, але таксама і на сусветных кніжных выстаўках і кірмашах, напрыклад, у Франкфурце-на-Майне і Маскве. Апублікаванае Нацыянальнай бібліятэкай факсіміле стала самым вялікім выданнем за ўсю гісторыю беларускай кніжнасці. Усё гэта толькі павялічыла цікавасць да знакамітага кніжнага помніка, аднак не раскрыла многіх яго тайн. У сувязі з гэтым Нацыянальная бібліятэка падрыхтавала яшчэ тры выданні, якія будуць прадстаўлены публіцы.

Першае - гэта толькі што выпушчаная навуковая манаграфія аўтарства намесніка генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алеся Сушы, якая прыадкрывае шэраг невядомых і малавядомых старонак у гісторыі знакамітай кнігі. "Добра ілюстраваная манаграфія не толькі апісвае абставіны стварэння гэтага кніжнага помніка, але і спрабуе асэнсаваць яго значнасць не толькі як твора мастацтва, паліграфічнага шэдэўра, рэлігійнай каштоўнасці, літаратурнай і навуковай працы нашых продкаў, але і важнага артэфакта сучаснасці", - расказалі ў НББ.

Другое - гэта камплект рэпрадукцый найбольш прыгожых і прадстаўнічых старонак Брэсцкай Бібліі, якія выкананы ў арыгінальным памеры і перадаюць усю значнасць рарытэта XVI стагоддзя. Трэцяе - гэта электроннае выданне, прысвечанае Брэсту, яго гісторыі і культурнай спадчыне, у якім можна азнаёміцца і з матэрыяламі пра Брэсцкую Біблію.

Прэзентацыя адбудзецца 5 лютага на цэнтральнай пляцоўцы Нацыянальнага стэнда Беларусі адразу пасля ўрачыстага адкрыцця XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі