Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
28 ліпеня 2022, 12:31

Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў верасні адсвяткуе 100-годдзе. Гендырэктар аб планах

28 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная бібліятэка Беларусі (НББ) у верасні адсвяткуе 100-годдзе. Генеральны дырэктар бібліятэкі Аксана Кніжнікава расказала карэспандэнту БЕЛТА аб планах да юбілейнай даты.

Так, з нагоды юбілею запланавана ўрачыстае гашэнне паштовага блока. У НББ прэзентуюць абноўлены вучэбны дапаможнік "Беларусь - наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі першакласніку". Запланаваны IX Міжнародны кангрэс "Бібліятэка як феномен культуры", яго правядзенне чакаецца 15-16 верасня. Кангрэс будзе прысвечаны тэме "Лічбавая трансфармацыя бібліятэк: пераемнасць і вектар развіцця". На яго палях пройдзе XXVI Агульны сход членаў некамерцыйнага партнёрства "Бібліятэчная асамблея Еўразіі".

У ходзе святкавання Дня беларускага пісьменства ў Добрушы (Гомельская вобласць) Нацыянальная бібліятэка Беларусі да свайго 100-годдзя прадставіць выставу "Кніжны век", якая як своеасаблівы акумулятар і транслятар вопыту, набытага продкамі, захоўвае памяць пакаленняў, духоўную спадчыну краіны і свету, адкрывае доступ да гэтых скарбаў. Дапоўніць выставу экспазіцыя рэдкіх і каштоўных матэрыялаў, прысвечаных гісторыі і дзеячам Гомельшчыны. Гэта частка экспазіцыі прымеркавана да 880-годдзя з часу першага згадвання Гомеля. Таксама госці пазнаёмяцца з прэзентацыямі інфармацыйных рэсурсаў "Бібліятэчная справа Беларусі ў асобах", "Бібліятэчная справа Беларусі ў дакументах і матэрыялах", прысвечаных 100-годдзю НББ.

Падрыхтавана перасовачная фотавыстава "Нацыянальная бібліятэка Беларусі: учора, сёння, заўтра". Яе экспанаванне плануецца ў краінах СНД, таксама ўключана ў план выкарыстання маёмасці Дзелавога і культурнага комплексу пасольства Беларусі ў Расіі на лістапад 2022 года. Прэзентацыя выставы запланавана таксама ў Беларусі і рэгіёнах Расіі.

Да 100-годдзя завершыцца работа над даследчай работай "Беларуская бібліяграфія ў асобах". Яе мэта - стварэнне ведаў аб персанальным складзе беларускай бібліяграфіі на працягу ўсёй гісторыі яе развіцця (прыкладна з XVI стагоддзя да нашых дзён). Вывучана дзейнасць людзей, якія садзейнічалі складанню бібліяграфічнай прадукцыі, распрацоўцы арганізацыйных, тэарэтычных, метадалагічных пытанняў бібліяграфіі, вучэбнага працэсу. Рэзультатам работы стане даведачнае выданне "Беларуская бібліяграфія ў асобах", прэзентацыя якога запланавана на святкаванні юбілею НББ.

Сумесна з выдавецтвам "Беларусь" вядзецца работа над выпускам альбома "Нацыянальная бібліятэка Беларусі" (аўтарскі калектыў бібліятэкі) на беларускай, рускай і англійскай мовах тыражом 1 тыс. экзэмпляраў. Выданне прадставяць гасцям і ўдзельнікам юбілейных мерапрыемстваў, перададуць партнёрам НББ, таксама яно паступіць у кнігагандлёвую сетку.

Рыхтуюцца ўрачыстая цырымонія віншавання і ўзнагароджвання работнікаў, ушаноўванне ветэранаў.

Разнастайныя мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю НББ, праходзяць на працягу ўсяго года. Гэта і навуковыя мерапрыемствы, і выставачныя праекты і сацыякультурныя мерапрыемствы, і навукова-даследчыя работы, і выдавецкія праекты. У прыватнасці, да XVIII Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў быў выдадзены альбом "100 рарытэтаў: да юбілею Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі", у якім прадстаўлены выявы рукапісаў і старадрукаваных выданняў з фонду НББ. Экзэмпляры альбома будуць перададзены ва ўстановы культуры Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі