20 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная бібліятэка Беларусі да 500-годдзя Жыровіцкага манастыра адкрыла доступ да відэаархіва найноўшых даследаванняў, прысвечаных Жыровічам і беларускай кніжнасці. Аб гэтым БЕЛТА паведаміў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша.
"20 мая - свята Жыровіцкага цудатворнага абраза Багародзіцы. У гэтым годзе спаўняецца 550 гадоў з дня цудоўнага з'яўлення знакамітага абраза і 500 гадоў з часу заснавання Жыровіцкага манастыра. Хоць галоўныя ўрачыстасці ў Жыровічах пакуль не могуць прайсці, Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала свой падарунак да юбілею. Сёння анлайн-доступ да відэаархіва найноўшых даследаванняў, прысвечаных Жыровічам і беларускай кніжнасці, адкрыты для ўсіх. Яны ўключаюць відэазапісы выступленняў вядомых айчынных і замежных вучоных, іх прэзентацыі, даклады, фотадакументы і іншыя каштоўныя матэрыялы, якія раскрываюць раней невядомыя старонкі нашага агульнага мінулага", - расказаў Алесь Суша.
Асновай для відэаархіва сталі матэрыялы XVI Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, прысвечаных 500-годдзю з дня заснавання Жыровіцкага манастыра і бібліятэкі, якія адбыліся 15 мая. У гэтым годзе яны праходзілі ў фармаце відэаканферэнцый у рэжыме рэальнага часу. На партале бібліятэкі было зарэгістравана больш за 100 прамоўцаў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны. Вучоныя прадставілі амаль 60 артыкулаў для публікацыі ў матэрыялах канферэнцыі.
Сімвалічна, што ў гэтым годзе кнігазнаўчыя чытанні былі прысвечаны 500-годдзю заснавання знакамітага Жыровіцкага манастыра і бібліятэкі. Манастыры здаўна былі цэнтрамі культуры і кніжнасці: тут перапісваліся і выдаваліся каштоўныя кнігі, былі заснаваны першыя бібліятэкі і школы. На працягу пяці стагоддзяў у Жыровіцкім манастыры ствараліся і захоўваліся лепшыя ўзоры кніжнай, мастацкай, духоўнай культуры нашага народа, інтэлектуальныя помнікі, дзейнічалі навучальныя ўстановы для свецкіх і духоўных асоб.
Як адзначылі ў Нацыянальнай бібліятэцы, відэаархіў будзе папаўняцца.-0-