Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 студзеня 2021, 09:28

Нацюрморты, партрэты, рэканструкцыі - выстава Ларысы Журавовіч адкрылася ў Мінску

29 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Персанальная юбілейная выстава "Святло зямлі, святло нябёсаў" вядомага беларускага графіка Ларысы Журавовіч адкрылася 28 студзеня ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва). Аб гэтым журналістам паведаміла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў, мастацтвазнавец Наталля Шаранговіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ларыса Журавовіч прадстаўляе серыю графічных лістоў "Вяртанне", якая створана за мінулыя паўтара года. "Назву выставы "Святло зямлі, святло нябёсаў" не трэба ўспрымаць літаральна. Мяне хвалявала тэма духоўнасці і душэўнасці, і візуальна гэта вельмі складана выказаць. Гэта прымусіла мяне зрабіць экскурс у гістарычнае мінулае малой радзімы. Якім было сялянскае жыццё ў Бялыніцкім раёне 100 гадоў таму, як выглядалі помнікі? У выніку доўгіх пошукаў аказалася, што існавала 16 хрысціянскіх храмаў, з якіх у перабудаваным выглядзе засталіся толькі два. А што ж астатнія? Я праштудзіравала ўсе энцыклапедыі, і пра гэта няма ні радка, ад многіх не засталося і фатаграфій. Разам з мужам мы аб'ездзілі ўсе вёскі, сустракаліся і размаўлялі з пажылымі людзьмі. Вынікам стала рэканструкцыя на жывапісных палотнах 14 храмаў. Большасць з іх адноўлены з нуля па ўспамінах людзей, якім за 90 гадоў. На жаль, два помнікі аднавіць не ўдалося", - расказала аўтар.

На выставе прадстаўлены работы з серыі "Вясеннія дні", партрэты з "Землякоў", а таксама серыя нацюрмортаў. Усе гэтыя разнапланавыя творы аб'ядноўвае духоўная сувязь паміж зямным і нябесным жыццём. "Гэты праект пра святло, што сагравае нас знутры, святло духоўнае і душэўнае. Гэта святло часта аказваецца для нас нават больш важным, чым святло сонца. Яно нябачнае для вачэй, але дзіўным чынам праяўляецца ў будынках храмаў, інтэр'ерах капліц, упрыгожаных ручнікамі абразах і кветках, з любоўю зробленых рукамі вясковых жыхароў, самых простых і складаных прадметах навакольнага свету. Я бачу яго ў гармоніі прыроды, тварах людзей", - падзялілася Ларыса Журавовіч.

Творчы і тэматычны дыяпазон мастачкі пашырыўся, вырасла і майстэрства выканання: да яе любімай змешанай тэхнікі (гуаш, акварэль) дабавіліся работы сухой пастэллю. Наталля Шаранговіч адзначыла, што творчасць Ларысы Журавовіч - з'ява ўнікальная. "Мастачка бачыць паэзію ў надзённым, адкрывае глыбокі сэнс у бытавых рэаліях штодзённага жыцця. Можна сказаць, яна малюе тое, што ёй на самай справе блізкае і зразумелае. Кожная работа - нацюрморт, пейзаж або партрэт - вынік сінтэзу філасофскіх разважанняў аўтара і яе непасрэдных натурных уражанняў. Ланцужок творчых адкрыццяў мастачкі невычэрпны. Гэта і вясковы побыт, і прадметы ўжытку, якія падаюцца такімі чужымі і нязвыклымі гараджаніну, але не перастаюць быць гарманічнымі, значнымі, суцэльнымі пры натуральным ладзе жыцця, які яшчэ захаваўся ў беларускай глыбінцы. Менавіта тут можна і сёння знайсці сапраўдную першапачатковасць. Трэба толькі ўмець яе заўважаць", - падкрэсліла мастацтвазнавец.

Экспазіцыя "Святло зямлі, святло нябёсаў" Ларысы Журавовіч з'яўляецца часткай выставы работ лаўрэатаў першага трыенале жывапісу, графікі і скульптуры Беларускага саюза мастакоў Vivat Vita і выставачнага праекта "Графіка года", якія праходзяць у Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў да 7 лютага.

Ларыса Журавовіч нарадзілася ў 1965 годзе ў пасёлку Бялынічы Магілёўскай вобласці. У 1989 годзе скончыла аддзяленне графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. За серыю каляровых афортаў "Восень. Зямля і людзі" на Усесаюзнай выставе дыпломных работ была ўзнагароджана бронзавым медалём Акадэміі мастацтваў СССР. Рашэнне вярнуцца на малую радзіму і пакінуць Мінск, дзе яна знайшла першае прызнанне гледачоў, было прадыктавана ўнутранай патрэбай адысці ад мітусні вялікага горада. Галоўнай тэмай твораў мастачкі на працягу многіх гадоў з'яўляецца жыццё вяскоўцаў і навакольная прырода. Жывапісец з Бялыніч у 2016 годзе ўзнагароджана нагрудным знакам "За ўклад у развіццё культуры Беларусі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі