
22 мая, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Саліст Вялікага тэатра Беларусі народны артыст Беларусі Уладзімір Громаў удастоены прэміі СНД "Зоркі Садружнасці". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД.
"Савет па прысуджэнні міждзяржаўнай прэміі "Зоркі Садружнасці" аб'явіў лаўрэатаў галоўнай гуманітарнай прэміі СНД за 2022 год. Прэмія штогод прысуджаецца прадстаўнікам дзяржаў Садружнасці за найбольш значныя поспехі ў сферы гуманітарнай дзейнасці, якія адпавядаюць узроўню сусветных дасягненняў і садзейнічаюць развіццю як кожнай з краін - удзельніц СНД, так і Садружнасці ў цэлым", - адзначылі ў фондзе.
Рашэннем журы, у склад якога ўвайшлі вядомыя дзеячы культуры і адукацыі з усіх краін СНД, прэміі прысуджаны васьмі саіскальнікам. Разам з Уладзімірам Громавым у намінацыі "За выдатны ўклад у культуру і мастацтва" лаўрэатамі сталі народная артыстка Азербайджана Дзінара Фуад кызы Аліева, народны артыст Арменіі Аруцюн Хачатран, заслужаны дзеяч Казахстана Азамат Жалтыргузаў, народны артыст Кыргызстана Юрый Бокаў, народны артыст Расіі Сяргей Скрыпка, народны артыст Узбекістана Ёдгар Сагдыеў. У намінацыі "За выдатны ўклад і дасягненні ў галіне навукі і адукацыі" лаўрэатам стаў галоўны навуковы супрацоўнік фізіка-тэхнічнага інстытута Нацыянальнай акадэміі навук Таджыкістана Саідмухамад Адзінаеў.
"На саісканне высокай узнагароды ў бягучым годзе прэтэндавалі 16 намінантаў з 8 краін. Памер прэміі - 2 млн расійскіх рублёў", - дадалі ў прэс-службе.
Урачыстая цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў адбудзецца ў Бішкеку 11-15 верасня на Форуме творчай і навуковай інтэлігенцыі СНД.-0-