Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
10 чэрвеня 2022, 09:43

Народная музыка прагучыць на фестывалі "Звіняць цымбалы і гармонік" у Паставах

10 чэрвеня, Віцебск /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. У Паставах 10-12 чэрвеня пройдзе XXXII Міжнародны фестываль народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Пастаўскім райвыканкаме.

Пачнецца фэст своеасаблівай зарадкай: сёння на гарадскім стадыёне ў 10.00 пройдуць спартыўныя спаборніцтвы. У 11.00 гасцей і ўдзельнікаў фестывалю чакаюць на музычна-літаратурным свяце, прысвечаным Пастаўшчыне і яе музычнай гісторыі. Выстава работ беларускага мастака-графіка Барыса Бокшы прапануе адправіцца ў "Чорна-белыя падарожжы". Экспазіцыя пачне працаваць у 13.00 у Палацы Тызенгаўза. У 15.00 усіх жадаючых запрашаюць на свята народнай творчасці "Скарбніца народных талентаў", на якім прадставяць элементы нематэрыяльнай спадчыны Пастаўскага раёна, а таксама адкрыюць выставы работ народных майстроў.

У суботу, 11 чэрвеня, на прэзентацыі экспазіцыі "Цымбалы і гармонік - сувязь часоў і пакаленняў" наведвальнікам раскажуць пра гісторыю традыцыйнага фестывалю, які прапісаўся на пастаўскай зямлі. "Хто каго?" - вырашыць журы на аднайменным конкурсе калектываў і індывідуальных выканаўцаў народных інструментаў. Музычны батл з народным каларытам гледачы змогуць наведаць у 15.00 у Доме культуры. Вучні Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера прадэманструюць публіцы сваё бачанне малой і вялікай Радзімы, а іх калегі з ДШМ імя А. Тызенгаўза прадставяць гасцям фестывалю яркі канцэрт. У гэты дзень на плошчы імя Леніна будзе працаваць Горад майстроў, дзе збяруцца прадстаўнікі ўсёй Віцебскай вобласці. У праграме чакаецца абласны агляд-конкурс эстраднай музыкі і ўрачыстае адкрыццё фестывалю, прысвечанага Году гістарычнай памяці. Суботнім вечарам усе змогуць пабываць на "Пастаўскім балі" - музычна-тэатралізаваным паказе, які пройдзе на плошчы імя Леніна. Да глыбокай ночы Паставы не заснуць: госці свята не змогуць прайсці міма вогненнага шоу, не пабываць на канцэрце эстрадных выканаўцаў і дакладна не прапусцяць святочны феерверк. А да 2 гадзін ночы лепшыя дыджэі Віцебскай вобласці будуць падтрымліваць драйв і ўключаць біты на маладзёжнай дыскатэцы пад адкрытым небам.

Нядзельная праграма фестывалю будзе крыху менш насычанай, але такой жа цікавай і пазнавальнай. У творчай лабараторыі можна будзе сустрэцца з народным артыстам Беларусі і знакамітым цымбалістым Яўгенам Гладковым, які ў мінулым годзе адзначыў сваё 80-годдзе. Аматары класічнай і сучаснай беларускай музыкі змогуць пабываць на канцэрце ў пастаўскім касцёле або атрымаць асалоду ад выступлення ваеннага духавога аркестра на плошчы імя Леніна. У тэатралізаваным шэсці прымуць удзел госці і ўдзельнікі фестывалю "Звіняць цымбалы і гармонік", урачыстая цырымонія закрыцця якога пачнецца ў 13.10 у гарадскім парку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі