
16 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Народная харавая капэла "Раніца" (мастацкі кіраўнік і дырыжор Віктар Масленікаў) адзначыць сваё 35-годдзе канцэртнай праграмай, якая пройдзе 18 красавіка ў Белдзяржфілармоніі, паведамілі БЕЛТА арганізатары.
Народная харавая капэла "Раніца" - адзін з вядучых харавых калектываў у Беларусі. Праграма калектыву складаецца з класічных і духоўных твораў беларускіх і замежных аўтараў. У рэпертуары беларускія і рускія народныя песні, духоўная харавая музыка П.Часнакова, С.Рахманінава, П.Чайкоўскага, А.Архангельскага і інш.
Пад кіраўніцтвам Віктара Масленікава народная харавая капэла "Раніца" неаднаразова станавілася лаўрэатам прэстыжных міжнародных фестываляў і харавых конкурсаў у розных краінах, заваёўвала шэраг нацыянальных і міжнародных узнагарод. На 64-м і 68-м міжнародных харавых конкурсах "Хабанерас і паліфанія" ў 2018 і 2022 гадах у Іспаніі Віктар Масленікаў названы лепшым кіраўніком хору.
За высокае выканальніцкае майстэрства, папулярызацыю харавой музыкі і шматгадовую творчую працу Віктар Савельевіч Масленікаў узнагароджаны нагрудным знакам "Выдатнік адукацыі", граматамі і падзякай Міністэрства адукацыі, Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, абласнога камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.
Святочны канцэрт адбудзецца 18 красавіка ў 18.00 у Беларускай дзяржаўнай філармоніі (малая зала імя Р.Шырмы). Арганізатары - Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Беларуская дзяржаўная філармонія.-0-