Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 лютага 2021, 18:01

На міжнародным сімпозіуме "Пісьменнік і час" у Мінску прапанавалі стварыць Славянскі кніжны саюз

19 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ініцыятыва стварыць Славянскі кніжны саюз была вылучана і падтрымана сёння ўдзельнікамі VII Міжнароднага сімпозіума літаратараў "Пісьменнік і час" на ХХVIII Міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы ў Мінску. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі.

У бягучым годзе форум прайшоў у новым фармаце: афлайн і анлайн. У выніку колькасць удзельнікаў значна павялічылася. Сімпозіум сабраў амаль 100 літаратараў, выдаўцоў, вядомых грамадскіх дзеячаў з 20 краін, у тым ліку Венесуэлы, Азербайджана, Балгарыі, Казахстана, Расіі, Беларусі, Літвы, Арменіі, Малдовы, Кыргызстана, Туркменістана, Украіны. Мадэратарам сустрэчы быў дырэктар - галоўны рэдактар выдавецкага дома "Звязда" Аляксандр Карлюкевіч.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся спецпрадстаўнік прэзідэнта Расіі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой. "Літаратура заўсёды адлюстроўвае час, літаратура - гэта своеасаблівае люстэрка над вялікай дарогай жыцця, што асэнсоўвае працэсы, якія адбываюцца ў нашых краінах. Працэсы часам складаныя, супярэчлівыя. Жыццё наогул заўсёды супярэчлівае, а мастацтва заўсёды імкнецца гарманізаваць праблемы жыцця. Літаратура аб'ядноўвае краіны і народы", - звярнуў ён увагу.

Падчас дыскусіі ўдзельнікі разглядалі працэсы, якія адбываюцца ў свеце, з пункту гледжання вечных агульначалавечых каштоўнасцей, скрозь прызму высокага слова, якое дапамагае бесстаронне і дакладна аналізаваць трансфармацыі ва ўсіх сферах грамадства. Пісьменнік, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Мікалай Чаргінец падкрэсліў, што ў эпоху глабалізацыі кнігу і нават сустрэчы паміж людзьмі замяніў інтэрнэт. "Мы глядзім на экран, атрымліваем інфармацыю. Але ў адзін момант гэта ўсё можа абрушыцца. І ў чалавека нічога не застанецца наўзамен", - адзначыў ён.

На форуме прагучала ініцыятыва стварыць Славянскі кніжны саюз, які аб'яднаў бы літаратараў па ўсім свеце. Ідэя была падтрымана ўдзельнікамі сімпозіума з Балгарыі, Расіі, Беларусі, Сербіі, Эстоніі, Малдовы.

Міжнародны сімпозіум літаратараў - гэта пляцоўка для абмеркавання пытанняў місіі пісьменніка, яго адказнасці перад новымі выклікамі часу, уплыву творчасці на трансфармацыю сістэмы каштоўнасцей, ролі творчай інтэлігенцыі ў сучасным глабальным свеце, значэння слова для захавання духоўна-маральных асноў і развіцця грамадства. Арганізатарам выступае Міністэрства інфармацыі Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі