Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 мая 2021, 11:17

На канферэнцыі ў НББ разгледзяць віртуальныя праекты ўстаноў культуры ў перыяд пандэміі

3 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. IX Навукова-практычная канферэнцыя "Электронная культура" па тэме "Рэальнасць і віртуальнасць ва ўмовах пандэміі" пройдзе 4 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.

"Гэта канферэнцыя за апошнія 10 гадоў стала найважнейшай пляцоўкай для абмену вопытам і пошуку перспектыўных напрамкаў развіцця інфармацыйных тэхналогій у сферы культуры. Штогод вучоныя, работнікі культуры і адукацыі, распрацоўшчыкі праграмнага забеспячэння абмяркоўваюць пытанні інфармацыйна-тэхналагічнага развіцця грамадства, а таксама інавацыйныя праекты і іх практычную рэалізацыю ў электронным асяроддзі з мэтай папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны і інтэграцыі Беларусі ў сусветную інфармацыйна-культурную прастору. У гэтым годзе асаблівую ўвагу плануецца ўдзяліць віртуальным праектам, якія ажыццяўляюцца ў розных установах культуры і асабліва запатрабаваны ў перыяд пандэміі", - адзначылі арганізатары.

НББ запрашае спецыялістаў устаноў культуры, адукацыі, навукі, IT-кампаній, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і ўсіх зацікаўленых прыняць удзел у рабоце канферэнцыі.

Арганізатары прапануюць абмеркаваць стан і перспектывы развіцця праектнай дзейнасці па захаванні і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны ў віртуальнай прасторы, перспектывы развіцця ў наступным дзесяцігоддзі бібліятэк, музеяў і архіваў, інавацыйныя тэхналогіі ў сферы культуры, фарміраванне электроннага кантэнту і распрацоўку віртуальных паслуг у сферы культуры, арганізацыю і правядзенне адукацыйных і сацыякультурных мерапрыемстваў ва ўмовах пандэміі.

У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй удзел у канферэнцыі магчымы ў вочным і завочным фарматах.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі