Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

На "Беларусьфільме" здымаюць індыйскі блокбастар "Атрад"

Культура 02.10.2019 | 11:32
Нілеш Сахай
Нілеш Сахай

2 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" здымаюць індыйскі баявік "Атрад", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Уладзімір Карачэўскі
Уладзімір Карачэўскі'

Баявік "Атрад", работа над якім у Беларусі пачалася 23 верасня, - гэта камерцыйны праект міжнароднага маштабу, дзе нацыянальная кінастудыя выступае ў ролі генеральнага падрадчыка здымак і максімальна задзейнічана ў працэсе, расказаў генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Уладзімір Карачэўскі.

"Гэта сур'ёзны, дарагі і складанапастановачны праект. У здымках задзейнічаны вялікія сілы кінастудыі, у тым ліку значная каманда нашых спецыялістаў - ад рэжысёраў-пастаноўшчыкаў і аператараў да касцюмераў і тэхгрупы. Прыцягнуты іншыя падрадчыкі ў асобе ваеннаслужачых, ваенная тэхніка, верталёты, самалёты. Працуе і вялікая група беларускіх каскадзёраў, - растлумачыў ён. - Прыехалі да нас інвестары з Індыі і іншых краін. За месяц трэба зняць вялікі аб'ём, таму здымкі ідуць не па восем гадзін, а па 14-16".

Паводле слоў Уладзіміра Карачэўскага, індыйскі праект цікавы і важны як з пункту гледжання эканомікі, так і міжнародных кантактаў і далейшай перспектывы. "Для нас здымкі гэтага фільма - вялікая падзея, таму што кінематаграфісты з Індыі да нас яшчэ ні разу не прыязджалі. Гэта першая спроба, мы адкрываем адзін аднаго. І бачым, што ёсць вялікая цікавасць як у індыйскіх кінематаграфістаў, так і ў беларускіх, - дадаў ён. - Мы разлічваем, што ў наступным годзе гэта ж кампанія прыедзе да нас з новым праектам. Акрамя таго, плануем прэзентаваць нашу кінастудыю ў снежні ў Мумбаі. Такім чынам, мы папулярызуем краіну і спадзяёмся, што ў далейшым здымем сумесную беларуска-індыйскую карціну".

Кінакампаніі дзвюх краін вялі перагаворы аб супрацоўніцтве на працягу некалькіх гадоў. Паскорыў гэты працэс ганаровы консул Беларусі ў Мумбаі Лаліт Чакані, які загарэўся ідэяй паказаць Беларусь сваім суайчыннікам праз нацыянальны фільм. І, як адзначыў часовы павераны ў справах Індыі ў Беларусі Вішаў Пал, здымкі карціны "Атрад" не толькі садзейнічаюць умацаванню культурных сувязей паміж краінамі, але і ў будучым яго прагляд будзе садзейнічаць павелічэнню патоку турыстаў з Індыі ў Беларусь. "Я быў у многіх краінах свету, але Беларусь - гэта нешта асаблівае. Тут любое месца, якое ні знялі б, нават не выязджаючы з горада, прыгожае. І гэта варта паказаць, - сказаў ён. - Рэжысёр блокбастара Нілеш Сахай - першы, але я думаю, што за ім і іншыя паедуць у Беларусь".

Дарэчы, перад тым як прывезці сваю каманду для стварэння двухгадзіннага баевіка пра мужчыну з атрада спецыяльнага прызначэння, які ратуе маленькую дзяўчынку, Нілеш Сахай чатыры разы пабываў на ўсіх здымачных пляцоўках Беларусі.

Па сюжэце галоўныя героі - Бім і Арыа - прафесійныя салдаты, якія разам са спецатрадам павінны выратаваць 7-гадовую Мімі. У кожнага персанажа свая гісторыя, якую пакажуць у пачатку фільма. Дарэчы, не абыдзецца стужка без рамантычнай лініі і традыцыйных індыйскіх танцаў - іх таксама выканаюць беларусы.

"У фільме я добры хлопец і ваенны спецыяльнага прызначэння. Мая задача - выратаваць дзяўчынку, якую трымае ў заложніках армія, што складаецца з салдат розных краін, - расказаў акцёр-навічок Рынзінг Дэнзонгпа. - Дзядуля гэтай дзяўчынкі быў вучоным, які адкрыў формулу для стварэння ўніверсальнага салдата і раптам знік, і вучэнні праваліліся. Але ворагі хочуць захапіць гэтыя распрацоўкі, для гэтага спрабуюць знайсці ўнучку вучонага, каб потым абмяняць яе на формулу".

Дырэктар спецэфектаў Вішал Талкар падкрэсліў, што здзіўляць гледачоў будуць незвычайнымі сцэнамі. "У карціне вельмі шмат узрываў, пажараў, трукаў. Напрыклад, у Беларусі здымем сцэну, у якой чалавек будзе пераскокваць з аднаго верталёта на іншы, знялі ўзрыў вежы з дабаўленнем спецэфектаў", - расказаў ён.

Здымкі індыйскага фільма "Атрад" на "Беларусьфільме" прадоўжацца да 25 кастрычніка. Выхад баевіка на вялікія экраны Індыі і Еўропы запланаваны на красавік 2020 года.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Культура
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск
Салігорск

Інфаграфіка

Беларусь у рэйтынгу дзяржаў па індэксе развіцця чалавека Штогадовыя глабальныя даклады аб чалавечым развіцці публікуюцца ПРААН з 1990 года.