Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Культура
24 лістапада 2025, 11:52

"Мы зрабілі ўсё магчымае, каб здзівіць". Рэжысёр "Пераломнага моманту" пра дашліфоўку фільма

24 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У кінатэатры "Масква" праходзіць прэс-паказ нацыянальнага фільма "Пераломны момант" пры ўдзеле прадстаўнікоў здымачнай групы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Рэжысёр-пастаноўшчык Дзмітрый Сарока адзначыў, што за 15 хвілін да прэс-паказу аддаў фільм у кінатэатры, і нагадаў, што яго можна будзе ўбачыць з 27 лістапада ва ўсіх кінатэатрах краіны. "Мы да самага апошняга моманту, кожную гадзінку, кожную хвілінку выкарыстоўвалі, каб дашліфаваць постпрадакшн: дарабіць музыку - зрабіць яе больш шчыльнай, больш дынамічнай, дашліфаваць колеракарэкцыю. Нават цяпер на прэс-паказе будзе яшчэ крыху шурпатая версія, але яна ўжо амаль не адрозніваецца ад фінальнай", - расказаў ён.

На пытанне, чаму варта паглядзець фільм, кінарэжысёр адказаў, што стваральнікі зрабілі ўсё магчымае дзеля таго, каб здзівіць. "Вы ўбачыце, што гэта нетыповая карціна нацыянальнай кінастудыі. Нетыповая ў якім сэнсе? Мы зрабілі вялізны акцэнт менавіта на візуальным складніку, на эстэтычным. Гэта тая Беларусь, якую яшчэ ніхто не бачыў (у добрым сэнсе слова). Калі вельмі груба і па-абывацельску сказаць, гэта падобна да таго, калі б Netflix зняў фільм у Беларусі. Гэта адносіцца да колеракарэкцыі, да ўсіх мастацкіх рашэнняў, аператарскай работы, нават да самога сюжэта. Значыць, гэта глыбокае кіно, але ў той жа час максімальна дынамічнае", - падзяліўся Дзмітрый Сарока.

Кінарэжысёр упэўнены, што фільм здзівіць гледачоў. "Я прашу гледачоў прыйсці ў кіно, а потым напісаць каментарый пад ім у YouTube, таму што мы ўважліва ўсё чытаем і чакаем водгукаў. У цэлым жа гэты фільм для тых, хто наогул нічога не ведае пра акадэмічнае веславанне. Я спрабаваў перадаць менавіта рамантыку гэтага віду спорту. Але тут акадэмічнае веславанне больш выступае як метафара. Можна было іншы від спорту паставіць, гэта, хутчэй, фільм пра сяброўства, пра тое, як знайсці самога сябе перш за ўсё, як быць шчырым у адносінах да самога сябе", - канстатаваў ён.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі