Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
08 снежня 2020, 16:57

Музыку Бетховена можна пачуць на выстаўцы да юбілею кампазітара ў НББ

8 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Юбілейная выстаўка "Шматграннасць генію Людвіга ван Бетховена", прысвечаная 250-годдзю з дня нараджэння нямецкага кампазітара, адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

"Вялікі кампазітар, дырыжор і піяніст Бетховен - ключавая фігура заходняй класічнай музыкі. Яго творы ўяўляюць сабой складаны сінтэз творчых пошукаў венскіх класікаў, мастацтва Французскай рэвалюцыі, а таксама рамантызму, які зараджаўся ў 20-я гады XIX стагоддзя. Ён бесперапынна пашыраў выразныя межы свайго мастацтва, пастаянна пакідаючы ззаду не толькі папярэднікаў і сучаснікаў, але і ўласныя дасягненні больш ранняга перыяду", - расказалі ў бібліятэцы.

Наведвальнікі змогуць азнаёміцца з нотнымі выданнямі твораў кампазітара. Сярод іх шматлікія санаты, канцэрты, квартэты, сімфоніі, урачыстая меса Missa solemnis, адзіная опера "Фідэліа", балет "Тварэнні Праметэя", вакальны цыкл "Да далёкай каханай". Прадстаўленыя ў экспазіцыі аўдыёдакументы даюць магчымасць паслухаць такія вядомыя творы, як Саната для фартэпіяна нумар 8, Саната нумар 9 для скрыпкі і фартэпіяна, Сімфонія нумар 5, уверцюра "Эгмант", п'еса "Да Элізы". Дапаўняюць выстаўку кнігі і артыкулы з перыядычных выданняў аб жыцці і творчасці кампазітара.

Наведаць выстаўку можна па 16 лютага.

Людвіг ван Бетховен - кампазітар, дырыжор, педагог, адзін з трох венскіх класікаў і яркі прадстаўнік еўрапейскай культуры Новага часу. Яго музыцы ўласцівы яркая эмацыянальнасць, высокі, патэтычны тон выказвання, злучаны з класічнай суразмернасцю і выразнасцю формы. Ён пакінуў нашчадкам больш за 240 твораў, сярод іх 9 завершаных сімфоній, 5 фартэпіянных канцэртаў і 18 струнных квартэтаў. Большасць твораў уключана ў вучэбны і канцэртны рэпертуары.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі