Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 сакавіка 2024, 13:00

Музычнае "Львяня". Рэспубліканскі фестываль збярэ ў Лідзе каля 2 тыс. юных выканаўцаў

Фота з архіва
Фота з архіва
19 сакавіка, Гродна /Кар. БЕЛТА/. У Лідзе з 23 па 29 сакавіка пройдзе ХІ Рэспубліканскі фестываль-конкурс дзіцячага мастацтва "Львяня", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Лідскім райвыканкаме.

Конкурс, які праходзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі, арганізуюць упраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, Лідскі райвыканкам, Беларускі саюз музычных дзеячаў, Беларуская асацыяцыя духавых аркестраў і ансамбляў.

"Да нас прыедуць юныя музыканты і спевакі з усіх рэгіёнаў краіны, якія будуць спаборнічаць у выканальніцкім майстэрстве ў 33 намінацыях, - расказала дырэктар Лідскай дзіцячай школы мастацтваў Алена Спірына. - Гэта хоры, аркестры, ансамблі, салісты, якія выступаюць у самых розных жанрах, ад класічнага, народнага да эстраднага. Усе яны папярэдне прайшлі адборачныя туры ў сябе ў рэгіёнах, таму на лідскай сцэне выступяць толькі лепшыя творчыя юнакі і дзяўчаты, якія падаюць вялікія надзеі".

Фестываль "Львяня" пачынаўся ў 2008 годзе як дзіцячы конкурс мясцовага маштабу. Ужо за першыя гады набраў такую папулярнасць, што ў 2011-м атрымаў статус рэспубліканскага. За гады існавання ў ім прынялі ўдзел амаль 27,5 тыс. музыкантаў і спевакоў ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў.

Як адзначыла дырэктар Лідскай ДШМ, узровень фестывалю вельмі высокі. У журы па кожнай з намінацый працуюць вядомыя артысты, выкладчыкі ўстаноў музычнай адукацыі, члены Беларускага саюза музычных дзеячаў. Больш за дзвесце юных удзельнікаў конкурсу за гэты час атрымалі дапамогу Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Пераможцаў фестывалю-конкурсу чакаюць дыпломы, медалі, статуэткі "Львяняці". Дарэчы Львяня стала сімвалам музычнага свята таму, што менавіта леў адлюстраваны на гербе Ліды. У геральдычным вобразе ён трымае ключ ад горада, у фестывальнага Львяняці яго замяніў скрыпічны ключ.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі