Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 кастрычніка 2018, 15:47

"Мужчынам уваход забаронены!" - Гомельскі драмтэатр рыхтуе прэм'еру

23 кастрычніка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Гомельскі абласны драматычны тэатр прадставіць прэм'еру камедыі "Мужчынам уваход забаронены!" паводле п'есы амерыканскай журналісткі і драматурга Лоры Шэйн Канінгем, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе тэатра.

Жанр гэтага спектакля яго рэжысёр - заслужаная артыстка Расіі Ніка Казаровіцкая вызначыла як "жаночыя адкрыцці на Нью-Ёркскім паддашку". Шэсць сябровак збіраюцца разам, каб павіншаваць адну з іх з хуткім нараджэннем дзіцяці. Гэта шэсць жанчын, абсалютна непадобных адна на адну. Шэсць дам са сваімі шкілетамі ў шафе. Шэсць лэдзі, якія жывуць у "жалезным" мужчынскім свеце, да якога ў іх шмат пытанняў. Напрыклад, чым трэба запіваць валіум або што пакласці на дно жаночай сумачкі?

"П'еса ў большай ступені размоўная, аднак міжасобасныя і ўнутраныя канфлікты гераінь не пусцяковыя. Сцэнаграфія п'есы далёкая ад рэалізму і дасць гледачам магчымасць паўней зразумець адчуванні сучасных жанчын у мужчынскім свеце", - адзначылі ў прэс-службе.

Над пастаноўкай працавалі мастак Таццяна Стысіна, харэограф Аксана Ражкова. У спектаклі заняты Лілія Госцева, Ала Леная, Таццяна Кандраценка, Святлана Яфімава, Ганна Кавалькова, Аляксандра Бычкова, Дзіяна Чарнышэвіч.

Лора Шэйн Канінгем - папулярная амерыканская журналістка, драматург і пісьменніца, творы якой разыходзяцца мільённымі тыражамі ў многіх краінах свету. Яна з'яўляецца ўладальніцай некалькіх прэстыжных узнагарод. У прэс-службе адзначылі, што аўтар плануе асабіста паглядзець спектакль паводле яе п'есы ў Гомельскім драмтэатры ў хуткім часе.

Прэм'ерныя паказы камедыі "Мужчынам уваход забаронены!" пройдуць 26, 27, 28 кастрычніка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі