Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 снежня 2020, 11:08

Музейную экспазіцыю ствараюць у Пятым форце Брэсцкай крэпасці

4 снежня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Музейную экспазіцыю ствараюць у форце нумар 5 мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА загадчык філіяла мемарыяла Аляксандр Каркатадзэ.

Пяты форт для наведвання закрыўся ў канцы чэрвеня. За гэты час спецыялісты адрэстаўрыравалі левую частку гаржавой казармы, дзе размесціцца экспазіцыя. Ачышчаны сцены і фасады, заменены вокны, зроблены гідраізаляцыя і вентыляцыя, праведзена электрычнасць і ацяпленне. На ўваходах у патэрны і гаржавы капанір устаноўлены дзверы, стылізаваныя пад браніраваныя ў пачатку ХХ стагоддзя.

Поўным ходам ідзе мантаж экспазіцыі ў шасці казематах гаржавой казармы. У першай зале наведвальнікі даведаюцца аб гісторыі фартыфікацыі на беларускіх землях, пабудаваных у XIII-XVII стагоддзях замках. Другая прысвечана Брэсцкай крэпасці ў фартыфікацыйнай сістэме на заходніх граніцах Расійскай імперыі. Напрыклад, на інтэрактыўным стале будуць адлюстраваны этапы будаўніцтва цытадэлі над Бугам. Трэцяя зала раскажа аб мадэрнізацыі Брэсцкай крэпасці ў пачатку ХХ стагоддзя і будаўніцтве двух фортавых паясоў. Таксама будуць адноўлены інтэр'еры жылога каземата для ніжніх чыноў, цэйхгаўза, канцылярыі форта і ўмывальні.

"У час ачысткі сцен пад слоем фарбы выявілі герб Расійскай імперыі. Ён стаў арыгінальным экспанатам залы, у якой запланаваны жылы каземат. Знаходка была вельмі дарэчы. Гэта для нас было сапраўдным адкрыццём", - расказаў Аляксандр Каркатадзэ.

Частка экспазіцыі будзе па-за казармай: у гаржавым капаніры, цэнтральным скразніку і парахавым склепе.

Чакаецца, што музей у Пятым форце адкрыецца ў пачатку 2021 года.

Форт нумар 5 - адзін з фартоў Брэст-Літоўскай крэпасці, якія найбольш захаваліся. Ён пабудаваны ў 1879-1880 гады і некалькі разоў мадэрнізаваўся. Перадавое ўмацаванне крэпасці было ўзведзена з цэглы і зямлі, абнесена земляным валам і акружана запоўненым вадой ровам. У пачатку ХХ стагоддзя ўсе збудаванні форта былі ўзмоцнены бетонам.

Рэстаўрацыя і музеефікацыя ў Брэсцкай крэпасці вядзецца ў адпаведнасці з праектам Саюзнай дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі