Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
08 красавіка 2022, 10:58

Музейнаму дэкаратару Генадзю Чыстаму прысвечана экспазіцыя ў Мінску

8 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мастацка-дакументальная выстава "Партрэт Мастака ў інтэр'еры музея", прысвечаная юбілею Генадзя Чыстага, адкрылася ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Генадзь Чысты сціпла называе сябе дэкаратарам, але ён ніколі не быў простым афарміцелем музейных вітрын. З першых дзён супрацоўніцтва з музеямі ён стаў паўнапраўным удзельнікам творчага працэсу стварэння выстаў. На адкрыцці майстар быў немнагаслоўны, але сакрэтамі сваёй работы з наведвальнікамі ўсё ж падзяліўся. "Я доўга працую над стварэннем эскіза экспазіцыі. Гэта карпатлівая работа, якая патрабуе канцэнтрацыі", - звярнуў увагу ён.

Выставачны праект раскрывае шматгранную творчую дзейнасць мастака, непарыўна звязаную з беларускімі музеямі. Як адзначылі ва ўстанове культуры, гэта рэтраспектыва супрацоўніцтва беларускага мастака і экспазіцыянераў, своеасаблівая справаздача і фундамент для будучых музейных праектаў.

Наведвальнікі змогуць убачыць, да афармлення якіх экспазіцый у музеях прыклаў руку Генадзь Чысты. Гомельскі абласны музей ваеннай славы, Дом-музей Янкі Купалы ў Вязынцы, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску - гэта малая частка месцаў, дзе яму давялося працаваць.

"Ён шукае кансэнсус з музейнымі супрацоўнікамі ў пытанні колькасці і якасці экспанатаў, спрабуе выявіць і выбудаваць бачныя, прадметныя і прасторавыя сувязі, каб наведвальнік адчуў сінхроннасць нашага часу і часу існавання-бытавання прадмета", - адзначылі супрацоўнікі музея.

Наведаць выставу можна да 3 мая.

Генадзь Чысты - вядучы мастак Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Нарадзіўся 5 красавіка 1947 года ў Мінску. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча ў 1968 годзе, з 1994 года - член Беларускага саюза мастакоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі