Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 студзеня 2019, 16:55

Музей-запаведнік "Нясвіж" з пачатку года наведалі больш як 10 тыс. чалавек

11 cтудзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш як 10 тыс. наведвальнікаў Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" сталі ўдзельнікі калядных праграм з пачатку года, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік дырэктара музея Наталля Жэрка.

"Музей-запаведнік пачаў год новымі праграмамі, прымеркаванымі да каляднага сезона. Мы заўсёды рыхтуем да яго спецыяльныя мерапрыемствы. На гэты раз сумесна з музычным домам "Класіка" арганізавалі інтэрактыўныя праграмы "Калядныя дні ў палацы Радзівілаў", якія будуць мець працяг 12 і 13 студзеня. Таму ўсе жадаючыя паспеюць далучыцца да нашага свята", - падкрэсліла Наталля Жэрка.

Паводле яе слоў, усе святы Нясвіжскага замка будуць прымеркаваны да 285-годдзя з дня нараджэння аднаго з самых каларытных і вядомых Радзівілаў - князя Караля Станіслава, якога многія ведаюць як Пане Каханку. Гэты герой - галоўны дзеючы персанаж мерапрыемстваў. Ён сустракае наведвальнікаў і прапануе паўдзельнічаць у падрыхтоўцы да прыезду апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Акрамя таго, госці пазнаёмяцца з сястрой Пане Каханку Тэафіліяй і прыдворным кампазітарам Янам Голандам.

У "Нясвіжы" цяпер працуюць інтэрактыўныя пляцоўкі. На адной з іх можна ўбачыць рыцарскія даспехі і калекцыю зброі часоў Вялікага Княства Літоўскага, а самыя цікавыя ўзоры ўзяць і разгледзець у дэталях. "Прыдворны рыцар раскажа, у якія перыяды выкарыстоўвалася тая ці іншая зброя, і дасць магчымасць сфатаграфавацца з ёю. А Пане Каханку, які рыхтуецца да прыезду караля, запросіць паўдзельнічаць у танцавальнай праграме, паслухаць оперу, падрыхтаваную для каралеўскага візіту. Можна будзе даведацца пра мноства цікавых гісторый, якія адбываліся ў той час пры двары", - дадала яна.

Юныя наведвальнікі таксама не будуць сумаваць - для іх арганізавана размешчаная ў той жа тэатральнай зале, дзе адбываецца асноўны паказ, творчая пляцоўка, на якой дзеці змогуць памаляваць і скласці пазлы.

"Супрацоўнікі музея пастаянна знаходзяцца ў пошуку новых праграм, бо нам хочацца нечым здзіўляць і прыцягваць новых наведвальнікаў. Гісторыя Нясвіжскага палаца настолькі багатая, што тэм для развіцця анімацыйных праграм больш, чым дастаткова. Таму кожны год наведвальнікам мы даём магчымасць акунуцца ў новыя гістарычныя падзеі", - адзначыла Наталля Жэрка.

З лютага на сайце музея-запаведніка стартуе анлайн-продаж уваходных білетаў. "У мінулым годзе ў музеі пабывала больш за 420 тыс. чалавек. У нас пастаянна расце колькасць замежных наведвальнікаў, гэтаму садзейнічае бязвізавы рэжым. Мы таксама спадзяёмся, што і правядзенне II Еўрапейскіх гульняў павялічыць наведвальнасць палаца", - сказала яна.

Архітэктурна-культурны комплекс былой рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы - адна са славутасцей Беларусі, унесеная ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКО. Гістарычны помнік цікавы не толькі сваімі наземнымі збудаваннямі, але і падзямеллямі, склепамі. У Нясвіжы акрамя палацава-паркавага ансамбля XVI-XIX стагоддзяў і гарадской Ратушы, шырокую вядомасць атрымалі такія збудаванні, як касцёл Божага Цела, Слуцкая брама, Дом рамесніка і інш.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі