
20 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Літаратурны музей Петруся Броўкі падрыхтаваў для дзяцей святочную праграму "Новы год у Броўкі", паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.
"Новы год - чароўнае і натхняльнае свята года. Дзеці чакаюць свята, сюрпрызаў, падарункаў і, вядома, сапраўдных цудаў. Дарослыя таксама чакаюць, але не заўсёды гавораць аб гэтым услых", - сказалі арганізатары.
Так, з 24 снежня па 16 студзеня музей запрашае на навагоднюю праграму "Новы год у Броўкі". Кожны госць зможа знайсці для сябе нешта цікавае. "Набываючы ўваходны білет, вы атрымаеце спецыяльную экскурсію па кватэры народнага паэта з эстэтыкай савецкага Новага года: упрыгажэнні, віншавальныя паштоўкі і характэрныя рэчы мінулага стагоддзя. Атмасфера свята будзе забяспечана", - упэўнены ў музеі.
Маленькіх наведвальнікаў парадуе майстар-клас па стварэнні віншавальных паштовак, якія можна будзе адразу запячатаць у канверт і адправіць блізкім.
Папярэдні запіс па тэлефоне абавязковы: +375 (17) 342-09-81.-0-