Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 студзеня 2021, 09:01

Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры запрашае на экспазіцыю пра Уладзіміра Мулявіна

12 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава да 80-годдзя з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Уладзіміра Мулявіна адкрылася 11 студзеня ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

"Наведванне выставы дасць магчымасць далучыцца да творчасці выдатнага беларускага артыста, кампазітара Уладзіміра Мулявіна, прайсці зорнымі дарогамі вядомага беларускага вакальна-інструментальнага ансамбля "Песняры", - сказалі арганізатары.

Як адзначылі ў музеі, важнай асаблівасцю дзейнасці Уладзіміра Мулявіна з'яўляецца аб'яднанне вакалу, інструментальнай музыкі і паэзіі. Сярод найбольш значных твораў - "Песня пра долю", вакальны цыкл "Я не паэта...", музычны спектакль "На ўвесь голас" на словы Уладзіміра Маякоўскага. Талент артыста даў новае жыццё беларускім народным песням "Касіў Ясь канюшыну", "Рэчанька", "Купалінка", "Перапёлачка".

Выстава ўключае ўнікальныя экспанаты з фондаў музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Госці змогуць убачыць нотныя рукапісы Уладзіміра Мулявіна, фатаграфіі, эскізы касцюмаў мастакоў Юрыя Піскуна і Вольгі Дзёмкінай, канцэртныя касцюмы "Песняроў", магнітную стужку з рабочым варыянтам сумеснай работы ансамбля пад кіраўніцтвам Мулявіна з групай "The New Christy Minstrels".

Экспазіцыя з'яўляецца сумесным праектам з Музеем Уладзіміра Мулявіна ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. З яго фондаў прадстаўлена некалькі касцюмаў знакамітага артыста, аўтабіяграфія майстра, а таксама буклеты, праграмы канцэртаў. Наведвальнікі змогуць пачуць кампазіцыі "Песняроў" і паглядзець відэа з канцэртаў.

Легенда беларускай музыкі Уладзімір Мулявін пайшоў з жыцця 26 студзеня 2003 года. Уральскі талент, уладкаваўшыся на работу ў беларускую філармонію, звязаў жыццё з Беларуссю і яе песнямі. Народная творчасць у апрацоўцы музыканта, кампазіцыі на вершы класікаў беларускай літаратуры і песні савецкіх аўтараў першай велічыні ў выкананні "Песняроў" сталі папулярнымі далёка за межамі СССР. Пясняр удастоены звання народнага артыста Беларусі і СССР, узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны, не раз быў лаўрэатам шматлікіх конкурсаў і фестываляў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі