Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
06 лютага 2019, 09:11

Музей Беларускага Палесся пакажа ў 2019 годзе знойдзеныя на пінскай зямлі скарбы

6 лютага, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Музей Беларускага Палесся ў 2019 годзе прэзентуе праект "Таямніцы пінскай зямлі", прымеркаваны да акцыі "Пінск - культурная сталіца Беларусі", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара па навуковай рабоце музея Ларыса Кулагіна.

Паводле задумы, у музеі штоквартальна будуць экспанавацца скарбы, знойдзеныя ў час раскопак у рэгіёне. Усе экспанаты захоўваюцца ў фондах, публіцы іх прэзентуюць упершыню. Чакаецца, што першую калекцыю знаходак прадставяць у сакавіку. "Мы вырашылі зацікавіць жыхароў Пінска і гасцей горада нечым новым, дазволіць зазірнуць ім у закуліссе. Мяркуем, што пакажам знаходкі, выяўленыя ў 1990-я гады", - прыадкрыла таямніцу Ларыса Кулагіна. Падрабязнасці праекта музейшчыкі пакуль пакідаюць у сакрэце.

Акрамя таго, у музеі Беларускага Палесся выстаўлены афіцыйныя атрыбуты культурнай сталіцы бягучага года. У вітрынах прадстаўлены сертыфікат Міністэрства культуры аб прысваенні гораду гэтага ганаровага статусу, шкляная кампазіцыя з выявай бусла і герба Пінска і сімвалічны ключ з гербамі ўсіх культурных сталіц Беларусі. У экспазіцыі можна ўбачыць спецыяльны канверт з маркай, тэматычныя выпускі газет, фатаграфіі, сувеніры і іншыя прадметы, звязаныя з акцыяй.

"Працаваць выстаўка будзе да канца года. Пакуль прадстаўленыя прадметы перададзены нам на часовае захоўванне. Спадзяёмся, што пазней яны паступяць у фонды", - сказала намеснік дырэктара па навуковай рабоце.

Музей Беларускага Палесся заснаваны ў 1924 годзе і з'яўляецца адным з найстарэйшых у краіне. Ён размешчаны ў гістарычным будынку былога езуіцкага калегіума - помніку архітэктуры XVII стагоддзя. Ва ўнікальным музеі прадстаўлены рамёствы і промыслы Палесся, у экспазіцыі дэманструецца гарадскі быт пінчан першай палавіны XX стагоддзя, расказваецца пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі