Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
25 мая 2020, 11:02

Муралі з партрэтамі гістарычных асоб і дзеячаў культуры могуць з'явіцца ў Кобрыне

25 мая, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Кобрыне на фасады дамоў плануецца нанесці муралі з партрэтамі выдатных гістарычных асоб і дзеячаў культуры, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык.

"Размяшчэнне васьмі муралей зробіць гарадское асяроддзе больш прывабным для жыхароў і гасцей нашага райцэнтра. Мы падабралі партрэты вядомых гістарычных персанажаў і культурных дзеячаў. Нехта з іх мае прамыя адносіны да кобрынскай зямлі, іншыя - асобы нацыянальнага маштабу", - адзначыў Валянцін Трубчык.

Муралі плануецца размясціць на фасадах шматпавярховых дамоў на цэнтральных вуліцах Кобрына. На сцены будынкаў прапануецца нанесці графічныя партрэты Францыска Скарыны, Боны Сфорца, Тадэвуша Касцюшкі, Адама Міцкевіча, Напалеона Орды, Элізы Ажэшка, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Рыгора Барадуліна - усяго ў спісе каля 20 вядомых кожнаму беларусу імёнаў.

Задуму сумесна рэалізуюць райвыканкам і грамадскасць. На рэалізацыю ініцыятывы будзе накіраваны грант міжнароднага праекта "Дыялог гісторыі і мастацтва ў публічнай прасторы", які выйграў Кобрынскі клуб дзелавых жанчын "Бона". Астатнюю частку сродкаў райвыканкам збярэ праз краўдфандынг.

Праект вынесены на грамадскае абмеркаванне. Свае прапановы да 16 чэрвеня можна пісьмова накіраваць у Кобрынскі райвыканкам (плошча Леніна,3) або на электронную пошту kbr-priem@brest.by.

Чакаецца, што муралі з'явяцца на фасадах дамоў Кобрына ўжо гэтым летам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі