Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
16 красавіка 2019, 09:33

ММАТ паставіў спектакль "Апошні герой" паводле п'есы брэсцкага драматурга

16 красавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Маскоўскі мастацкі акадэмічны тэатр імя М. Горкага рыхтуе прэм'еру спектакля паводле сучаснай п'есы "Апошні герой", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА аўтар п'есы галоўны рэжысёр Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Цімафей Ільеўскі.

Спектакль паставіў лаўрэат расійскай тэатральнай прэміі "Залатая маска" рэжысёр Руслан Малікаў. У пастаноўцы заняты як ветэраны, так і моладзь легендарнага тэатра. Галоўных герояў іграе акцёрская пара: народны артыст Расіі Іван Крываручка і Лідзія Кузняцова. Сюжэт сцэнічнай гісторыі пабудаваны на адвечнай тэме бацькоў і дзяцей, канфлікце пакаленняў, які развіваецца ў жорсткіх рэаліях нашых дзён. Герой п'есы - былы афіцэр-ракетчык, які цяжка перажыў распад СССР. "Апошні герой" - спектакль пра чалавечую годнасць, драму старэйшага пакалення, каханне і вернасць, мужнасць і абавязак.

"П'еса напісана мінулай вясной і ў нейкай ступені завяршае тэтралогію, дзе галоўны персанаж - стары, які знаходзіцца ў стане ці то маркоты, ці то адчаю, змагаецца, як у папулярным тэлешоу, з абставінамі і часам, не можа дараваць сабе і навакольным страты Радзімы, нейкіх жыццёвых сэнсаў. Шмат у ім рыс ад маіх блізкіх людзей - памерлых і жывых. Гэта тэма мяне трывожыць, і мне здавалася, што яшчэ кагосьці павінна трывожыць", - расказаў Цімафей Ільеўскі.

У адрозненне ад трох іншых п'ес тэтралогіі - "Заходні форт", "Факстрот" і "Пенаты" - "Апошняму герою" пашанцавала больш. П'есу заўважылі на адным з драматургічных конкурсаў у Маскве. Яна трапіла ў рукі вядомаму расійскаму тэатральнаму прадзюсару Эдуарду Баякову, якога ў хуткім часе назначылі мастацкім кіраўніком ММАТ імя М. Горкага. Як аказалася, ён даўно шукаў героя новай, сучаснай драмы. "Не псіхапата-бандыта, не неўротыка-інтэлектуала, не стомленага алігарха, не франдзіруючага хіпстара, а героя прамога дзеяння. Чалавека, які адказвае за выжыванне соцыуму. Гэтага героя мы, прабачце за нахабства, сёння знайшлі. І прад'яўляем гледачу", - адзначыў Эдуард Баякоў у адным са сваіх інтэрв'ю.

Сцэнічны варыянт "Апошняга героя" і трактоўка асобы галоўнага персанажа крыху адрозніваюцца ад задуманага ў п'есе. Цімафей Ільеўскі як тэатральны рэжысёр даруе некаторыя вольнасці з тэкстам маскоўскаму калегу. "Рэжысёр павінен мець пэўныя рамкі свабоды, у якіх ён можа змяняць матэрыял крыху пад іншым вуглом: вылучаць адно і ў нейкай ступені завуаліраваць іншае", - лічыць драматург.

На думку некаторых маскоўскіх тэатральных крытыкаў, "Апошні герой" абяцае стаць адной з самых значных пастановак знакамітага тэатра пад кіраўніцтвам новага мастацкага кіраўніка. Прэм'ера спектакля ў ММАТ імя М. Горкага намечана на 19 красавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі