
6 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Маскоўскім доме нацыянальнасцей (Расія) з 18 па 19 красавіка пройдзе II Міжнародны конкурс беларускай паэзіі і песні "В родных полях и в небе ясном / Все дышит дружбой, добротой…" (Якуб Колас), паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны адукацыйны партал.
Да ўдзелу запрашаюцца вучні 1-11-х класаў агульнаадукацыйных школ, навучэнцы каледжаў, тэхнікумаў, студэнты з Расіі, Беларусі і іншых славянскіх краін. Удзел бясплатны. Форма правядзення мерапрыемства - вочная, завочная, анлайн.
Конкурс адбудзецца ў чатырох намінацыях: "Мастацкае чытанне", "Выкананне беларускіх песень" (народных і песень сучасных кампазітараў), "Творчыя пісьмовыя работы", "Дзіцячы малюнак" - дапускаюцца ілюстрацыі да беларускіх народных казак, празаічных і паэтычных твораў беларускіх аўтараў, прырода і пейзажы Беларусі, беларускі фальклор, архітэктурныя ансамблі і помнікі беларускай гісторыі, а таксама руска-беларуская дружба. Апошнія дзве намінацыі пройдуць у завочным фармаце.
Мерапрыемства праводзіцца ў рамках міжнароднага праекта "Славянскі вянок: гістарычнае і культурнае адзінства славянскіх народаў" з мэтай развіцця цікавасці да паэтычнай, празаічнай і песеннай творчасці беларускага народа, а таксама да помнікаў культурнай спадчыны Беларусі. Арганізатарамі конкурсу выступілі Маскоўскі дом нацыянальнасцей, Інстытут моў і культур імя Льва Талстога (Расія), Міжнародны славянскі цэнтр "Сугучча" пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Расіі.
Заяўкі і работы неабходна падаць да 10 красавіка. Лепшыя работы будуць апублікаваны ў штомесячным беларускім часопісе для дзяцей і падлеткаў "Качели", а таксама ўвойдуць у зборнік творчых работ удзельнікаў праекта "Славянскі вянок".-0-