
22 чэрвеня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. XVI Міжнародны фестываль народнай творчасці "Вянок дружбы" пройдзе ў Бабруйску з 23 па 27 чэрвеня, паведамілі БЕЛТА ў Бабруйскім гарвыканкаме.
Адкрые цыкл фестывальных мерапрыемстваў прэм'ера мюзікла "Магія". Яе прадставіць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. На наступны дзень пастаноўку "Рахманая" пакажа гледачам Азербайджанскі дзяржаўны акадэмічны тэатр.
Урачыста адкрыецца фестываль 24 чэрвеня гала-канцэртам "Творчасць аб'яднае сяброў", які пройдзе ў "Бабруйск-Арэне". Прадоўжыцца свята на адкрытай пляцоўцы каля Лядовага палаца: тут выступіць арт-група "Беларусы". Пасля гэтага прадоўжыцца святочны марафон выступленнямі дыджэяў.
На наступны дзень, 25 чэрвеня, праграма фестывалю прадоўжыцца канцэртам "Радзіма - ты ў сэрцы маім і песні мае табе на стагоддзі" заслужанага артыста Беларусі Руслана Аляхно і Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. У той жа дзень запланавана ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню моладзі і студэнцтва "Новае пакаленне". Таксама госці свята змогуць пачаставацца прадукцыяй прадпрыемстваў Бабруйска - у час фестывалю будзе арганізавана дэгустацыя. Адной з навінак стане выступленне лепшых дыджэяў Беларусі і Расіі, дзе яны прадставяць самыя модныя напрамкі сучаснай танцавальнай музыкі.
У час фестывальных дзён для гасцей свята рыхтуюць не толькі насычаную творчую праграму. Арганізатары адзначылі, што ў горадзе будуць праходзіць розныя конкурсы і квесты, будзе арганізаваны выязны гандаль, горад майстроў і работа тэматычных пляцовак.
Урачыстае закрыццё фестывалю "Мы творчасцю з'яднаныя!" пройдзе 26 чэрвеня. Арганізатарамі Міжнароднага фестывалю народнай творчасці выступілі Бабруйскі гарадскі выканаўчы камітэт, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.-0-