Сцяг Нядзеля, 8 верасня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 ліпеня 2024, 16:34

Міжнародная філатэлістычныя выстава адкрылася ў Брэсце

26 ліпеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсце 26 ліпеня адкрылася філатэлістычная выстава "Брэст-2024", прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У экспазіцыі прадстаўлены філатэлістычныя калекцыі 85 удзельнікаў з 13 краін: Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Ізраіля, Кыргызстана, Латвіі, Марока, Малдовы, Польшчы, Расіі, Сербіі, Славакіі і ЗША.

"Марка - унікальная. Яе шматграннасць заключаецца ў тым, што яна з'яўляецца сродкам паштовай аплаты, прадуктам выяўленчага мастацтва. Вядома, што адлюстроўваецца на марцы, дае нам магчымасць атрымліваць інфармацыю аб пэўных падзеях, - сказаў міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган. - У год, калі мы святкуем 80-годдзе вызвалення роднай Беларусі, гісторыя знайшла сваё месца і ў паштовай прадукцыі. Гэта не толькі маркі, але і паштовыя канверты, паштоўкі, іншая прадукцыя, якая дэманструе гістарычныя факты". Міністр асабліва адзначыў, што нараўне з вопытнымі філатэлістамі ўдзельнічаюць дзеці. "Мы перадаём добрыя традыцыі наступным пакаленням. Мне як філатэлісту вельмі прыемна бачыць сярод узнагароджаных дзяцей і маладых людзей. Гэта ўсяляе ўпэўненасць, што традыцыя захаваецца. Ад мяне прагучала прапанова зрабіць Брэст сталіцай філатэліі і гэтыя выставы праводзіць на пастаяннай аснове", - дадаў Канстанцін Шульган.

Старшыня Брэсцкага гарвыканкама Сяргей Лабадзінскі адзначыў, што на марках адлюстраваны людзі і падзеі, якія пакінулі свой след у гісторыі краіны. "Гэта сведчыць аб тым, што мы моцныя традыцыямі. Мы памятаем нашых продкаў, гістарычныя падзеі, герояў. Самае галоўнае, што мы сёння маем, - гэта мір і свабода", - сказаў кіраўнік горада.

На выстаўцы прадстаўлены экспанаты рознай тэматыкі, у тым ліку пра Вялікую Айчынную вайну, пра Беларусь і яе гарады, пра гісторыю пошты, пра спорт, флору і фаўну і іншыя. Прадстаўлены паштовыя маркі і блокі, канверты, паштоўкі, карткі, пісьмы. Наведвальнікі могуць убачыць унікальныя экспанаты, якія да гэтага яшчэ ні разу не выстаўляліся.

Мінсувязі і РУП "Белпошта" падрыхтавалі паштовы праект, які складаецца з мастацкага маркіраванага канверта і спецыяльнага памятнага штэмпеля, выкарыстоўваць які можна на працягу ўсёй выстаўкі ў Брэсце. Сёння адбылася цырымонія гашэння.

Філатэлістычная выстава будзе працаваць да 4 жніўня. Яе адкрыццё дало старт мерапрыемствам да 1005-годдзя Брэста і 80-годдзя яго вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі