Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 лістапада 2021, 14:23

Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" анансаваў конкурсныя праграмы

3 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Уладзімір Карачэўскі расказаў сёння журналістам аб складзе конкурснай і пазаконкурсных праграм Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лiстапад", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Работа па складанні конкурснай і пазаконкурсных праграм завершана. У асноўным конкурсе ігравога кіно прымуць удзел 13 карцін. На адну стужку больш убачаць гледачы конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік". Тут пакажуць 14 стужак з Ірана, Эстоніі, Кітая і Расіі. Фільмам адкрыцця стане карціна "Зоркі сёмага неба" Алены Туравай. Асноўны конкурс дакументальнага кіно будзе прадстаўлены 17 фільмамі, у тым ліку новай работай беларускага рэжысёра Галіны Адамовіч "Страла". На конкурс "Кіно маладых" адабраны 24 карціны ад рэжысёраў Азербайджана, В'етнама, Нігерыі, Індыі, Таджыкістана, Францыі, Грузіі, Швейцарыі і іншых краін", - расказаў Уладзімір Карачэўскі.

Шырокай атрымалася і пазаконкурсная праграма "Лістапада" - 31 карціна. У гэтым годзе яна будзе прысвечана 50-годдзю беларускай анімацыі і 85-годдзю народнага артыста СССР і БССР рэжысёра Віктара Турава. Акрамя таго, плануюцца майстар-класы, рэтраспектыўныя паказы, творчыя сустрэчы са стваральнікамі фільмаў, семінары і круглыя сталы па пытаннях сучаснага кінапрацэсу.

"Старшынёй Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" будзе народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў - чалавек, вядомы не толькі ў нашай краіне, але і паважаны далёка за яе межамі", - дадаў Уладзімір Карачэўскі.

Старшынёй журы ў конкурсе ігравога кіно стане расійскі рэжысёр, прадзюсар і сцэнарыст Рэнат Даўлецьяраў. Судзейскую калегію "Лістападзіка" ўзначаліць заслужаны дзеяч мастацтваў Узбекістана Юсуп Разыкаў. Старшынёй конкурсу дакументальнага кіно стала дырэктар тэлеканала "Беларусь 3" Наталля Марынава. Расійскі рэжысёр і прадзюсар Аляксей Цяльноў будзе адказваць за конкурс "Кіно маладых". У дырэкцыі кінафестывалю дадалі, што, як і ў ранейшыя гады, публіка зможа вызначыць уладальнікаў прыза сімпатый гледачоў.

Цырымоніі адкрыцця і закрыцця кінафоруму, а таксама паказы фільмаў традыцыйна пройдуць у кінатэатры "Масква". Асноўная праграма ігравога кіно будзе прадэманстравана ў кінатэатрах "Масква" і "Цэнтральны", дакументальнага - у малой зале "Піянера" і "Цэнтральным", "Лістападзік" - у "Піянеры", "Кіно маладых" - у адной з залаў кінатэатра "Беларусь". Творчыя сустрэчы, пазаконкурсныя паказы адбудуцца ў Доме кіно. Асобныя праграмы XXVII кінафестывалю "Лістапад" змогуць убачыць не толькі жыхары сталіцы, але і рэгіёнаў.

"За тыдзень да адкрыцця кінафестывалю, гэта значыць 12 лістапада, білеты на паказы можна будзе набыць у касах кінатэатраў або анлайн. Цэны будуць даступнымі - ад Br4 до Br7", - дадаў генеральны дырэктар УП "Кінавідэапракат" Мінгарвыканкама Павел Скалабан.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі