20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. XXVII Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш пройдзе 5-9 лютага ў комплексе па праспекце Пераможцаў, 14, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве інфармацыі.
Кніжная выстаўка-кірмаш у Мінску - адна з самых вялікіх на постсавецкай прасторы, яна адкрывае міжнародны каляндар кніжных форумаў і з'яўляецца своеасаблівай справаздачай кнігавыдаўцоў Беларусі за мінулы год. Гэты знакавы форум мае свае адметныя асаблівасці ў культурным і ідэалагічным плане.
"Гістарычна склалася так, што Беларусь з'яўляецца гасціннай краінай, дзе можна пазнаёміцца са звычаямі многіх народаў. У нас дружна жывуць прадстаўнікі многіх нацыянальнасцей, іх культурная разнастайнасць служыць узаемнаму ўзбагачэнню. Наша краіна стала прыкладам міралюбнасці, талерантнасці, міжнацыянальнага братэрства. Зыходзячы з гэтых пасылаў фарміруецца і праграма Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу", - расказалі ў міністэрстве.
Мерапрыемствы пройдуць не толькі на пляцоўках выставачнага комплексу, але і ў кнігарнях, бібліятэках, музеях. Адбудуцца прэзентацыі, аўтограф-сесіі, сустрэчы з аўтарамі, майстар-класы і шмат іншага.
Арганізатары - Міністэрства інфармацыі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства адукацыі, Міністэрства культуры, Саюз пісьменнікаў Беларусі, ААТ "Белкніга", ПК ТАА "Макбел".-0-