Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 мая 2022, 17:24

Мінкультуры: тэма Года гістарычнай памяці будзе адлюстравана на фестывалі песні і паэзіі "Маладзечна-2022"

23 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэма Года гістарычнай памяці будзе адлюстравана на XXI нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2022". Аб гэтым заявіла сёння журналістам кансультант упраўлення прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Людміла Манакова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У 2021 годзе фестываль стаў юбілейным. У бягучым годзе музычна-паэтычны форум адкрывае новае дзесяцігоддзе і пачынае чарговую старонку сваёй гісторыі. Правядзенне 21 фестывалю запланавана з 10 па 11 чэрвеня на базе Маладзечанскага амфітэатра, Палаца культуры і іншых устаноў горада і раёна", - расказала Людміла Манакова.

У аснову канцэпцыі гэтага творчага форуму пакладзены тэмы Года гістарычнай памяці, 140-годдзя беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. "Грунтоўна абазначаны мерапрыемствы, прысвечаныя народнаму артысту Беларусі Міхаілу Фінбергу. Усе гэтыя тэмы знойдуць адлюстраванне ў мерапрыемствах фестывалю розных жанраў і напрамкаў", - дадала яна.

Па традыцыі цэнтральнай падзеяй першага дня фестывалю стане нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Па выніках рэгіянальных адбораў 10 чэрвеня пройдуць заключныя другі і трэці этапы конкурсу. У іх прыме ўдзел 21 канкурсант з ліку лепшых маладых выканаўцаў з усіх абласцей рэспублікі і сталіцы.

"Гэты конкурс выконвае ганаровую місію па папулярызацыі творчасці сучасных беларускіх паэтаў, кампазітараў і эстрадных артыстаў. У адпаведнасці з патрабаваннямі праграмы ўдзельнікі выканаюць два творы беларускіх аўтараў на беларускай мове. Адзін з іх пад фанаграму (мінус), а другі, што важна для ўдзельнікаў, у суправаджэнні аркестра", - дадала Людміла Манакова.

Асноўным мерапрыемствам фестывальнай праграмы "Маладзечна-2022" стане яго ўрачыстае адкрыццё, рэжысёрам якога з'яўляецца заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Ніна Восіпава. Музычны і мастацкі кіраўнік вечара - галоўны дырыжор заслужанага калектыву Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі Максім Расоха.

Урачысты старт фестывалю адбудзецца 10 мая на пляцоўцы Маладзечанскага амфітэатра. Пачатак у 21.00.

Арганізатарам выступае Міністэрства культуры Беларусі, Мінаблвыканкам, Маладзечанскі райвыканкам, Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай эстраднай музыкі, Белтэлерадыёкампанія.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі