Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
07 верасня 2021, 14:34

Мінкультуры: для творчага росту моладзі ў краіне створана шматступеньчатая сістэма

7 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі створана шматступеньчатая сістэма па падтрымцы таленавітай моладзі. Аб гэтым паведаміла кансультант упраўлення прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Людміла Манакова на прэс-канферэнцыі "Падтрымка адоранай і таленавітай моладзі: стварэнне ўмоў для творчага і інтэлектуальнага росту" ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

"Міністэрства культуры ў сваёй дзейнасці ўдзяляе вялікую ўвагу падтрымцы таленавітай моладзі, стварэнню ўмоў для творчага росту, - сказала Людміла Манакова. - Створана шматступеньчатая сістэма па суправаджэнні таленавітай моладзі, рэалізуюцца меры, нацэленыя на стварэнне спрыяльных умоў для ранняга выяўлення юных талентаў, умоў для іх творчай рэалізацыі".

Як адзначыла кансультант, адным з важных элементаў з'яўляецца правядзенне конкурсаў і фестываляў на ўзроўні гарадоў, раёнаў, абласцей, рэспублікі, а таксама міжнароднага ўзроўню. "У конкурсах удзельнічаюць розныя ўзроставыя катэгорыі: навучэнцы дзіцячых школ мастацтваў, устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі, маладыя работнікі культуры, творчыя работнікі да 31 года па розных відах мастацтваў", - падкрэсліла яна.

Непасрэдна пры падтрымцы Мінкультуры праводзяцца міжнародныя, рэспубліканскія конкурсы, ажыццяўляюцца творчыя праекты, накіраваныя на павышэнне ўзроўню прафесійнага майстэрства навучэнцаў і педагогаў. Так, у 2020-2021 гадах адбыліся рэспубліканскія конкурсы выканаўцаў фартэпіяннай музыкі, вакалістаў імя С.Манюшкі, выканаўцаў на цымбалах, на народных інструментах імя І.Жыновіча.

У Беларусі дзейнічае спецыяльны фонд Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Яго мэтамі з'яўляецца фінансаванне мерапрыемстваў, накіраваных на стварэнне ўмоў станаўлення, развіцця, навучання творчых талентаў. За больш як 25 гадоў работы заахвочвання ўдастоены 4322 прадстаўнікі моладзі і 338 калектываў. Гранд-прэмію прысуджалі 421 прадстаўніку моладзі і 58 калектывам. Матэрыяльная дапамога аказвалася 1497 саіскальнікам. У тым ліку ў першай палавіне гэтага года заахвочванні спецыяльнага фонду атрымалі 138 чалавек і 24 калектывы.

"Неад'емная частка работы фонду - банк таленавітай моладзі, які створаны ў мэтах развіцця інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу маладых людзей, стварэння ўмоў для яе плённай дзейнасці. Па стане на 1 верасня гэтага года ў ім размешчаны звесткі аб 689 грамадзянах і 248 калектывах. У архівы банка занесены звесткі аб 2285 прадстаўніках, - расказала Людміла Манакова. - Прадстаўнікі маюць шэраг пераваг, якія замацаваны ў заканадаўчых актах Беларусі. Гэта мэтанакіраваная падтрымка дзяржавы тых, хто ўжо на пэўным этапе паказаў свае здольнасці і дасягненні".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі