13 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб'яўлены тэмы адкрытага конкурсу на вытворчасць фільмаў па сацыяльна-творчым заказе Міністэрства культуры Беларусі ў 2018 годзе. Інфармацыя аб гэтым размешчана на сайце ведамства, паведамляе БЕЛТА.
Тэма нацыянальнага праекта - "Жыццё і творчасць Янкі Купалы".
Для фільмаў у ігравой форме аб'яўлена 6 тэм: "Прыгодніцкі фільм аб гісторыі Беларусі"; "Прыгодніцкі фільм, прысвечаны вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў"; "Біяграфічны фільм аб выдатным дзеячы гісторыі Беларусі"; "Зборнік дэбютных работ кінарэжысёраў-пастаноўшчыкаў "Навагоднія гісторыі"; "Героі спорту Беларусі"; "Экранізацыя твораў сучаснай беларускай літаратуры".
Цяпер праводзіцца конкурс на вытворчасць нацыянальнага фільма - "Жыццё і творчасць Янкі Купалы" і мастацкага фільма на тэму "Прыгодніцкі фільм аб гісторыі Беларусі". Заяўкі прымаюцца да 23 сакавіка.
Таксама да 23 сакавіка праводзіцца конкурс на вытворчасць неігравых фільмаў. Арганізатары чакаюць прапаноў па тэмах: "Нашы сучаснікі", "Да 75-годдзя вызвалення Беларусі", "Гуманізм і сацыяльныя праблемы сучаснасці", "Героі працы", "Беларускі фальклор" і "Народная творчасць". Акрамя таго, у 2018 годзе плануюцца дакументальныя фільмы па тэмах "Выдатныя гістарычныя дзеячы Беларусі"; "Лёс чалавека"; "Уплыў Інтэрнэту на жыццё грамадства"; "Да 80-годдзя ўз'яднання Заходняй і Усходняй Беларусі"; "Да 100-годдзя ўтварэння БССР"; "Беларусь спартыўная".
У бягучым годзе будуць аб'яўлены і конкурсы фільмаў у анімацыйнай форме: "Навучальныя гісторыі для дзяцей"; "Жыццё выдатных людзей"; "Казкі беларускіх пісьменнікаў"; "Фільм для сямейнага прагляду"; "Прыгодніцкі фільм для дзяцей"; "Казкі народаў свету"; "Музычная казка"; "Сучасная казка"; "Беларуская міфалогія"; "Фільмы аб вайне для сямейнага прагляду".-0-