Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 студзеня 2023, 10:11

Месца натхнення для народнага паэта: мемарыяльны запаведнік "Ляўкі" адзначыць 45-годдзе

Ціхі куток прыроды на высокім беразе Дняпра недалёка ад вёскі Ляўкі Аршанскага раёна ў свой час пакарыў сэрца беларускага паэта Янкі Купалы (Івана Луцэвіча). Яго ён выбраў для будаўніцтва дачы, якую ў гонар 30-годдзя творчай дзейнасці яму прапанавалі пабудаваць за кошт дзяржавы. Любімец народа знаходзіў у гэтых мясцінах супакаенне і крыніцу натхнення. Гуляючы па хваёвым лесе, майстар паэтычнага слова ствараў творы, якія ўвайшлі ў залаты фонд айчыннай літаратуры. На месцы купалавай дачы, знішчанай у час Вялікай Айчыннай вайны, цяпер стаіць дакладная копія дома, дзе жыў паэт і яго жонка, і вось ужо 45 гадоў існуе мемарыяльны запаведнік "Ляўкі" - філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Загадчыца філіяла Тамара Крына правяла для карэспандэнтаў БЕЛТА экскурсію, паказала захаваныя гістарычныя артэфакты і расказала, як сюды з'язджаюцца аматары таленту паэта.

Выбар паэта прыпаў на гэта месца невыпадкова: яшчэ да прапановы аб будаўніцтве загараднай дачы ён пабываў тут у камандзіроўцы разам з Петрусём Броўкам. Пакуль будавалі дом, які прастаяў з 1925 па 1941 год і ў якім Янка Купала праводзіў час з вясны да восені, класік беларускай літаратуры жыў у будынку Копыскага лясніцтва.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны ён застаўся цэлым, у той час як дачу паэта ў час танкавага абстрэлу спалілі дашчэнту. Толькі ў 1981 годзе яе аднавілі па старых фатаграфіях. У доме размешчаны рабочы кабінет, спальня, кухня і закрытая веранда, дзе Янка Купала і яго жонка прымалі гасцей.

У адноўленым жылым доме з мэблі і рэчаў захаваліся пісьмовы стол, за якім працаваў паэт і які перанеслі сюды з адміністрацыйнага будынка лясніцтва, а таксама ўцалелы радыёпрыёмнік. "А дзе гэты музычны цэнтр?" - увайшоўшы ў дом, аднойчы спытаў адзін з юных наведвальнікаў комплексу, калі на экскурсіі яго групе расказалі пра ўнікальны гістарычны артэфакт.

Фатаграфіі, копіі рукапісных або надрукаваных на машынцы тэкстаў, атрыбуты даваеннага побыту, статуі, бюсты, партрэты - кожны экспанат можна разглядаць вельмі доўга, асабліва ў суправаджэнні падрабязнага расказу супрацоўнікаў мемарыяльнага запаведніка.

Аўтар не змагла прайсці міма фота з цэлай перадгісторыяй. Янка Купала неяк прагульваўся па вёсцы і ўбачыў хлапчука, які бег, раскінуўшы рукі і выдаючы гукі, падобныя на роў авіяматора. Паэт крыкнуў хлапчуку: "Кім ты хочаш стаць, калі вырасцеш?". "Лётчыкам!" - упэўнена адказаў юны летуценнік. І яго жаданне здзейснілася - на фота ў музеі ён адлюстраваны ў форме пілота паветранага судна, а яшчэ ў дзяцінстве ён стаў правобразам для галоўнага героя верша "Хлопчык і лётчык".

Цяпер ва ўстанове культуры прадстаўлена абноўленая экспазіцыя, а ў ранейшай выстаўлялася кніга з аўтографам маці Юрыя Гагарына, дзе яна пісала, што яе сын любіў чытаць менавіта гэты верш Янкі Купалы, перакладзены на рускую мову.

Гэты факт зацікавіў аднаго расіяніна, які быў кіраўніком музея сілавога ведамства. "Такі экспанат павінен быць і ў нашым музеі!" - усклікнуў ён, пачуўшы гісторыю пра знакамітага аматара таленту Купалы. Загадчыца філіяла прапанавала звярнуцца за садзейнічаннем у Мінск, у літаратурны музей Янкі Купалы, і дамовіцца аб супрацоўніцтве.

Яшчэ адзін верш, народжаны ў гэтых мясцінах, называецца "Госці". Нарадзіўся ён таксама пасля размовы з мясцовымі жыхарамі, якія наведаліся да паэта - з пірагамі, хатнімі гасцінцамі, - каб той прачытаў ім што-небудзь са свежых вершаў. Непасрэдныя, шчырыя, адкрытыя вяскоўцы так спадабаліся майстру, што на раніцу пасля іх візіту ён напісаў, як да яго "прыйшлі ў госці зямлі абноўленай гаспадары":

Такога гонару не меў ніколі,

Як я на гэтае зямлі жыву,

Каб так віталі мяне хлебам-соляй,

І то не ў сне якім, а наяву.

"Пакуль Янка Купала знаходзіўся тут, ён напісаў так званы Ляўкоўскі цыкл вершаў, які параўноўваюць з Болдзінскай восенню Пушкіна. Іван Дамінікавіч любіў ствараць свае творы, гуляючы па лесе. Ён браў кошык, лісткі паперы, аловак, яблыкі, што звычайна раздаваў мясцовай дзетвары, якую нярэдка сустракаў па дарозе, і ішоў на прыроду - пісаў, у перапынках збіраў ягады і грыбы. У асяроддзі мачтавых сосен, пад пералівы птушыных песень, гледзячы на спакойную плынь Дняпра, Купала адпачываў душой, насычаўся энергіяй гэтай зямлі і ствараў свае паэмы", - расказала Тамара Крына.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, паэт паехаў у Маскву на машыне, якую яму падарылі партыйныя кіраўнікі і за рулём якой ён ніколі не сядзеў (класіка вазіў шафёр). Прадстаўніца замежнага аўтапрама - амерыканскае "Шэўрале" - ідэальна захавалася. Цяпер яна стаіць у гаражы побач з адноўленай дачай паэта. Тамара Крына расказала пра адзін выпадак, калі вадзіцель Купалы вёз у аўто паэта і яго сябра Якуба Коласа, які валодаў такой самай падоранай іншамаркай. І апошні некалькі разоў паўтарыў, што яго машына была лепшая, на што заўсёды інтэлігентны Іван Луцэвіч высадзіў пасажыра і прымусіў ісці некалькі кіламетраў пешшу.

Мемарыяльны запаведнік быў створаны ў 1978 годзе. На працягу 45 гадоў сюды з'язджаюцца тысячы наведвальнікаў - паклоннікаў паэта, аматараў "мiлагучнай беларускай мовы", у якую аўтар шматлікіх зборнікаў вершаў і вядомых па ўсім свеце паэм унёс неацэнны ўклад. Тут праводзяцца тэматычныя вечары, сюды прыязджаюць за атмасферай спакою, утульнасці, супакаення, якую цаніў беларускі дзеяч мастацтва.

Наведвальнікі ўстановы культуры часта адкрываюць для сябе новага Купалу. Мала хто ведае аб перыядзе палітычных ганенняў на паэта, яго спробах самагубства, і тым больш рэдкі госць "Ляўкоў" ведае, наколькі спагадлівым і добрым чалавекам быў Іван Луцэвіч.

У яго з жонкай Уладзіславай Францаўнай не было сваіх дзяцей. У час сваёй чарговай прагулкі па лесе ў пошуках дароў прыроды і натхнення ён сустрэў вясковую дзяўчынку, якая збянтэжылася, убачыўшы вядомага паэта. Янка Купала высветліў, што гэта сельская дзяўчына вельмі хоча стаць настаўніцай. І тады сямейная пара Луцэвічаў узяла дзяўчынку на вучобу ў Мінск, дзе яна здзейсніла сваю мару і пасля шмат гадоў прапрацавала ў школе.

Успаміны мясцовых жыхароў пра Купалу, запісаныя работнікамі культуры, змяшчаюць нямала фактаў, якія сведчаць пра просты і адкрыты характар знакамітага на ўсю краіну паэта. Ён цягнуўся да народа, а той адказваў яму ўзаемнасцю.

Тамара Крына расказала, што з датай святкавання 45-годдзя філіяла пакуль не вызначыліся, але плануюць прыкладна праз тыдзень адзначыць такую падзею без шумных гулянняў, у цёплым, амаль сямейным асяроддзі супрацоўнікаў мемарыяльнага запаведніка, успомніць яркія падзеі з жыцця любімага паэта і прагуляцца тымі ж сцяжынамі, па якіх менш за стагоддзе таму хадзіў Купала.

Пабываўшы ў такой маляўнічай мясціне, удыхнуўшы марознае паветра ляўкоўскай зямлі, добра разумееш, што цягнула сюды творцу неўміручых твораў. Нешта няўлоўнае, вечнае, натхняючае лунае над гэтым дагледжаным кутком прыроды. І пэўна над галавой адчуваецца шорах крылаў музы, якая дагэтуль чакае, калі ж вернецца яе геніяльны падапечны, каб удыхнуць у яго новую ідэю і нашаптаць словы новай паэмы. Магія гэтага кавалачка зямлі не паддаецца апісанню, яе трэба адчуць самому, пабываўшы ў "Ляўках".

Алеся ПУШНЯКОВА,

фота Аляксандра ХІТРОВА,

БЕЛТА.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі