Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 красавіка 2021, 09:34

Меладраму "Трамвай "Жаданне" паставілі ў Палескім драмтэатры

27 красавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Меладраму "Трамвай "Жаданне" паводле аднайменнай п'есы амерыканскага драматурга Тэнэсі Уільямса паставілі ў Палескім драматычным тэатры, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар - мастацкі кіраўнік тэатра Аляксандр Лукашэнка.

Прэм'ера спектакля прайшла 25 красавіка. Сёння адбудзецца яго другі паказ. "Абыякавых на прэм'еры не было. Гледачы ўважліва слухалі і назіралі за дзеяннем. І калі пасля фінальнай сцэны ў зале ўключылася святло, у многіх на вачах былі слёзы. Мне здаецца, "Трамвай "Жаданне" прыехаў у наш тэатр своечасова. Думаю, у спектакля будзе шчаслівы лёс", - падзяліўся меркаваннем мастацкі кіраўнік.

Спектакль для ўзроставай катэгорыі "18+" паставіў рэжысёр Павел Марыніч. Ён асучасніў напісаную ў першыя пасляваенныя гады п'есу, якая стала культавай, і перанёс дзеянне ў нашы дні. Гнаная жыццёвымі цяжкасцямі Бланш Дзюбуа прыязджае да сястры ў Новы Арлеан. Спрабуючы схавацца ад жорсткага свету, яна спадзяецца знайсці прытулак у адзінага роднага чалавека. Але надзеі гераіні разбураюцца адна за адной.

"Гэта, увогуле, псіхалагічная драма, мы больш за паўгода яе разбіралі з акцёрамі. Складана зразумець гераіню, тых, хто з ёй канфліктуе. Тут і ўзаемаадносіны мужчыны і жанчыны, і ўзаемаадносіны людзей, якія належаць да розных саслоўяў, і тэма сваяцкіх адносін. П'еса блізкая нам, цяперашнім", - лічыць Павел Марыніч.

Эмацыянальная ігра акцёраў прымушае гледачоў суперажываць галоўнай гераіні, чый неадназначны вобраз паказала Антаніна Ракала. Рэжысёр таксама спачувае і нават апраўдвае Бланш Дзюбуа. "На яе долю выпала столькі страт і выпрабаванняў, што не кожны можа вытрымаць. Не асуджаць, а навучыцца суперажываць, чуць адзін аднаго, дапамагаць у цяжкую хвіліну, падтрымліваць - мне здаецца, спектакль пра гэта. На прэм'еры гледачы і смяяліся, і плакалі - гэта самае галоўнае, калі спектакль уздзейнічае на пачуцці", - адзначыў рэжысёр.

Новая пастаноўка стала падарункам гледачу ад трупы тэатра, які ў сакавіку адзначыў сваё 15-годдзе. У гэтым годзе ў калектыву ёсць планы яшчэ на дзве прэм'еры. Чакаецца, што яны пройдуць восенню. Усяго ж за паўтара дзясятка гадоў у Палескім драматычным тэатры паставілі 116 паказаў для дарослых і дзяцей, паказалі прыкладна 4,5 тыс. спектакляў, якія паглядзелі 445,3 тыс. гледачоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі