Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 студзеня 2023, 10:57

Матусевіч: кнігі - не проста тавар, гэта з'ява культурнага жыцця краіны

13 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кнігі на сённяшні дзень з'яўляюцца не толькі і не столькі таварам, колькі з'явай культурнага жыцця, адзначыў генеральны дырэктар ААТ "Белкніга" Уладзімір Матусевіч на прэс-канферэнцыі "Белкніга сёння: сучасны стан і перспектывы развіцця", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На мой погляд, нягледзячы на такое імклівае развіццё інфармацыйных тэхналогій і сацыяльных сетак, сёння кніга, у тым ліку папяровая, - гэта фактар фарміравання інфармацыйна-культурнай прасторы і, напэўна, у больш шырокім сэнсе, фарміравання грамадскай думкі, ментальнасці людзей", - сказаў Уладзімір Матусевіч.

Генеральны дырэктар "Белкнігі" адзначыў цікавасць да чытання сярод маладзёжнай аўдыторыі. Паводле яго слоў, моладзь наведвае кніжныя магазіны, купляе і чытае кнігі і, нягледзячы на тое што карыстаецца электроннымі фарматамі, звяртаецца да тэксту, кнігі, каб і папоўніць багаж ведаў, і атрымаць эстэтычнае задавальненне ад чытання. "Таму кнігі - не толькі і не столькі тавар, колькі з'ява культурнага жыцця краіны", - упэўнены ён.

"Сёння мы даволі актыўна развіваемся як рознічная сетка. Ёсць нават такі цікавы аб'ект, як літаратурная кафейня, што знаходзіцца ў кніжным магазіне "Светач". Калі гаварыць аб нейкіх лічбах, то агульная гадавая выручка, паводле папярэдніх даных, у нас перавысіла Br51 млн, тавараабарот - Br49 млн. Ёсць рост у параўнанні з мінулым годам і ёсць перспектывы ў прадпрыемства. Галоўнай нашай задачай, безумоўна, застаецца рэалізацыя кніжнай прадукцыі. Яна складае больш за 60 працэнтаў тавараабароту", - адзначыў Уладзімір Матусевіч.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч заўважыў, што сёння кніга не можа стаць вядомай, калі ніхто не займаецца яе папулярызацыяй, таму аўтары Саюза пісьменнікаў Беларусі цесна супрацоўнічаюць з магазінамі "Белкнігі", праводзяць аўтограф-сесіі і прэзентацыі. Так, у "Светачы" нядаўна прэзентавалі раман расійскага аўтара Мікалая Чаркашына "Брестские врата", і ўвага чытачоў да гэтай прэзентацыі была сапраўды вялікай.

У "Белкнізе" таксама плануюць праехаць па рэгіёнах. На рэгіянальныя сустрэчы будуць прыходзіць не толькі аўтары і выдаўцы, але і тыя, хто займаецца продажам кніг. Кожны з іх зможа выказаць сваё меркаванне аб тым, якія кнігі павінны стаяць на паліцах магазінаў.

"Нам усім, вядома, не хапае інфармавання ў сацыяльных сетках. Калі сёння ў некага з пісьменнікаў няма Telegram-канала або Instagram, нават калі ён дзень пры дні будзе хадзіць у адзін з кніжных магазінаў, гэта не значыць, што яго кнігі ўсё ж такі будуць шырока распаўсюджвацца. Пакупнік фарміруе свой пункт гледжання, свае думкі і сваё меркаванне ў вельмі вялікай залежнасці ад інфармацыі, якую атрымлівае з сацыяльных сетак або электронных СМІ. І тут у нас даволі шырокі прастор для работы. Я спадзяюся, што нас у гэтых ініцыятывах падтрымае і "Белкніга" і, думаю, што мы ў адпаведнасці з сучаснымі тэхналогіямі будзем арганізоўваць продаж лепшых твораў беларускіх пісьменнікаў", - дадаў Аляксандр Карлюкевіч.

Абмяркоўваючы жанры літаратуры, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі заўважыў, што больш за ўсё ў выдавецтве не хапае сёння літаратуры для падлеткаў. Тых кніг, якія ў беларускай літаратуры асацыіруюцца з творамі Янкі Маўра, дзіцячымі апавяданнямі Міхася Лынькова, Уладзіміра Дубоўкі. У выдавецкім доме "Звязда" ўжо некалькі гадоў працуюць над кніжнай серыяй "Пераходны ўзрост" і пастаянна знаходзяцца ў пошуку аўтараў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі